Читать «Мах і Шэбестава вандруюць па свеце» онлайн - страница 3

Мілаш Мацоўрак

І так яны вярнуліся да Шэбестаў; спадарыня Шэбестава праз хвілінку вярнулася ад Ціхачкаў з рэцэптам, убачыла мокры шалік, узяла яго двума пальцамі і спытала: «Што гэта за брудная анучына?»; Мах баяўся прызнацца, што гэта цётачка Вілма, і таму нясмела сказаў, што гэта ягоны шалік, а спадарыня Шэбестава сказала: «Фу!» — і кінула шалік у пральную машыну, заўважыўшы, што з нечым падобным Маха дадому не пусціць, бо што тады скажуць ягоныя бацькі.

А потым з гаража вярнуўся спадар Шэбеста, прыйшоў увесь мокры і адразу спытаў: «Дзе цётачка?» — Шэбестава не ведала, што адказаць, а таму прамармытала, што цётачка Вілма пайшла пагуляць, а спадар Шэбеста схапіўся за галаву: «Гэтая жанчына блёкату аб'елася, на дварэ дождж як з цэбра, а яна ідзе на прагулку», — а спадарыня Шэбестава, якая якраз выцягвала шалік з пральнай машыны, паказала на вешалку, дзе вісеў цётчын парасон, і сказала: «Зірніце, яна нават парасон не ўзяла, вось здагадалася, прамокне да рубчыка», — а Мах тым часам узяў той мокры выпраны шалік, ціхенька сказаў Шэбеставай: «Бывай, я пайшоў дадому», — і незаўважна выслізнуў з кватэры, а апынуўшыся за дзвярыма, з дапамогай слухаўкі ператварыў шалік у цётачку Вілму, пазваніў у дзверы і кінуўся наўцёкі.

А спадар Шэбеста, пачуўшы званок, адчыняе дзверы: за імі стаіць цётачка Вілма ў начной кашулі, уся мокрая — хоць выкручвай; спадарыня Шэбестава пляскае рукамі: «Далібог, цётачка, што гэта ты прыдумала, хадзіць у начной кашулі па такой залеве, да таго ж без парасона, што, калі ты прастынеш, хутчэй у ложак, я табе звару гарбаты з цытрынай», — а цётачка Вілма і не пярэчыць, адно толькі просіць у ложак тэлефон, спадар Шэбеста ейную просьбу задавольвае, і вось цётачка кладзецца і адразу ж тэлефануе сяброўцы Ірме, і пачынае распавядаць, што яна толькі што вярнулася з Парыжа, дзе трохі ветранае надвор'е, што яна ўпала з Эйфелевай вежы, але, на шчасце, з ёй усё ў парадку, што яна пабывала нават у заапарку, дзе яе паўгадзіны жаваў нейкі леў, а спадарыня Шэбестава ў роспачы ламае рукі і паўтарае: «Божа мілы, яна трызніць, ёй зараз жа трэба ў больніцу», — а спадар Шэбеста сур'ёзна ківае галавой: «Ну вядома, мы не можам браць на сябе такую адказнасць, што, калі ў яе запаленне лёгкіх», — і ён бярэ парасон і бяжыць у тэлефонную будку выклікаць хуткую, і, набіраючы нумар, бурчыць сабе ў вусы: «Я ж казаў, як прыедзе цётачка Вілма, непрыемнасцяў не абярэшся».