Читать «Мах і Шэбестава вандруюць па свеце» онлайн - страница 2

Мілаш Мацоўрак

А Мах з Шэбеставай імчалі ўніз, быццам ветрам гнаныя, але ўявіце сабе: на ходніку ніякага шаліка не было, і Мах Шэбеставай сказаў: «Ну вось, няма больш цётухны», — але Шэбестава не слухала: «Зірні, Мах, вунь на таго спадара», — Мах паглядзеў, куды яна паказвала, і ўбачыў японскага турыста з фотаапаратам, які трымаў у руцэ чырвоны ваўняны шалік і цікаўна яго разглядаў, а потым завязаў яго сабе вакол шыі, бо сапраўды было ветрана, і тады Мах сказаў: «Слухай, Шэбестава, па-мойму, гэта яна, што ты думаеш?»

А Шэбестава сказала: «Я таксама так думаю, але ж ты сабе толькі ўяві, што здарыцца, калі мы гэты шалік ператворым у цётачку Вілму, ведаеш, як гэты маленькі японец спалохаецца, калі раптам адчуе, што ў яго вакол шыі абматаная цётачка Вілма», — а Мах сказаў: «А ўяві, як гэты маленькі японец бразнецца, бо цётка важыць мінімум дзевяноста кіло, яшчэ паламае — крый божа — гэтаму небараку хрыбет, карацей кажучы, нам трэба пачакаць, пакуль ён здыме з сябе гэты шалік».

І так яны за тым японцам хадзілі і хадзілі, былі з ім у Луўры, дзе ў суботу ўваход бясплатны, былі ў Люксембургскім садзе і на вялікіх бульварах, а ён усё хадзіў і хадзіў, у Маха і Шэбеставай ужо ногі балелі, але той японец быў нястомны, як жэўжык, спыняўся і тутака і тамака ды ўсё нешта фатаграфаваў, і раптам ён спыніў таксі; тады Мах зусім збянтэжыўся і сказаў: «Шэбестава, гэта канец, я ўжо ледзь ногі валаку, а зараз яшчэ давядзецца за таксі бегчы», — але Шэбестава адказала: «Без панікі, Мах, супакойся, мы за гэтым таксі не пабяжым і нават не пойдзем, мы за ім спакойненька паляцім», — і папрасіла слухаўку ператварыць іх у вераб'ёў; так яны за тым таксі і паляцелі, пакуль не даляцелі да заапарку, а там сталася самая нечаканая штука, якая толькі магла здарыцца: вецер падзьмуў трошкі мацней, і ваўняны шалік у японца ўзяў ды зляцеў, і як на ліха, проста ў клетку з ільвом.

А леў, якому не было чаго рабіць і які страшэнна сумаваў, схапіў той шалік, уладкаваўся ў клетцы зручней і ўзяўся яго жаваць — паволі і разважліва, каб гэтага занятку яму хапіла надоўга, а Мах з Шэбеставай, якія ўсё яшчэ былі вераб'ямі, падумалі: «Вось ліха, не будзем жа мы проста глядзець, як гэтую няшчасную старую зжарэ нейкі знуджаны леў, ды яшчэ толькі за тое, што яму няма чым заняцца», — і яны, пашчабятаўшы паміж сабой, дамовіліся, што рабіць: заляцелі разам у клетку, Мах сеў ільву проста на нос і пачаў яго няшчадна дзяўбці, леў зароў і ўскочыў, каб з Махам расквітацца, а Шэбестава толькі таго і чакала: яна схапіла шалік у дзюбу і пацягнула яго з клеткі, ляцець з ім яна не магла, бо шалік быў мокры, абслінены і важыў найменш паўкіло; карацей кажучы, перш чым леў ачомаўся, шалік апынуўся па-за клеткай, а цар звяроў ад таго, што нейкія два вераб'і скралі ў яго чырвоную жуйку, раз'юшыўся і зароў зноў, ды так гучна, што наведнікі заапарку пачалі збягацца да ягонай клеткі, каб паглядзець, што гэта робіцца, але нашых герояў там ужо не было, бо Шэбестава, вылезшы з клеткі, тройчы ціўкнула, і гэта быў умоўны знак, на які слухаўка перанесла іх дадому разам з шалікам.