Читать «Мiрына (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Андрэ Моруа
- Здорава! - блiснуў вачыма Леон Ларан. - Выдатна? Вось ён, наш сюжэт! Пачынайце работу!
- Не спяшайцеся. Не адразу. Мне трэба перачытаць дзесяткi кнiг. Але я выразна бачу вас у ролi Дэмасфена на трыбуне. Вы ж, мабыць, будзеце iграць Дэмасфена.
- Ну вядома.
Узрадаваная Клер аж да пяцi гадзiн ранiцы слухала дыскусiю наконт п'есы. I калi госць нарэшце развiтаўся, галоўныя эпiзоды былi ўжо намечаны. Крысцiян нават знайшоў блiскучую канцоўку. Пасля розных ускладненняў высветлiлася, што толькi раптоўная смерць Фiлiпа цудам ратуе Афiны ад гiбелi. Але Дэмасфен не верыў у трываласць цудаў, не спадзяваўся на ласку нябёс, а заклiкаў афiнцаў адважна абараняць свой горад. "Так, - гаварыў ён, - гэта праўда... Фiлiп Македонскi памёр... Але як завецца сын Фiлiпа?" I нехта з натоўпу адказваў: "Аляксандр..."
- Дасканала! - сказаў узрушаны артыст. - Дасканала! Я iх чую... Я ўжо вымаўляю гэтыя словы... Менетрые, калi вы праз месяц не напiшаце гэту п'есу, вы не драматург.
Роўна праз месяц п'еса была гатова. Сёння мы ведаем, што твор гэты ў поўнай меры апраўдаў надзеi Клер i Ларана. Аднак, калi Леон Ларан, пасля трыумфальнай чыткi ў тэатры, з'явiўся да Менетрые, каб дамовiцца аб размеркаваннi роляў, тэрмiнах i рэпетыцыях, ён быў стрыманы i на выгляд заклапочаны. Крысцiян, вельмi чуллiвы, як i ўсякi мастак, калi справа датычыцца яго творчасцi, адразу зразумеў, што акцёр нечым не задаволены.
- Не, - заявiў ён Клер, калi выйшаў Ларан, - не, настрой у яго няважны... Чаму? Ён мне не сказаў. Ён мне нiчога не сказаў. Але тут нешта ёсць... I не тое, што яму не падабаецца п'еса. Наадварот, ён яшчэ раз пахвалiў сваю ролю ў сцэне сустрэчы з кiраўнiкамi, i гэта было шчыра. Толькi ён нешта ўтойвае... А што? Не магу здагадацца.
Клер усмiхнулася:
- Крысцiян, вы - генiй, я ў захапленнi ад вашага таленту, але вы наiўны як дзiця ў справах элементарных адносiн мiж людзьмi... Нават не бачыўшы Ларана, я магу запэўнiць вас, што ведаю прычыну. У вашай п'есе ёсць...
- Што там ёсць?
- Лепей сказаць, няма. У вашай п'есе, дарагi мой, няма ролi для Элен Месьер... Вось i ўвесь сакрэт. Ва ўсякiм разе я вас папярэдзiла.
Крысцiян з нецярплiвасцю пачаў тлумачыць:
- Адкуль там можа ўзяцца роля для Месьер? Сiмпатычная актрыса, цудоўная ў п'есах Мюсэ i Марыво, што яна можа рабiць у палiтычнай трагедыi?
- Ах, мой любы, як вы блытаеце пытаннi! Справа не ў тым, што можа рабiць Элен у палiтычнай трагедыi, а ў тым, каб Леон Ларан мог спакойна жыць са сваёй каханкай.
- Элен Месьер - каханка Леона Ларана?
- Вы што, з неба звалiлiся, мой друг? Яны жывуць разам ужо чатыры гады.
- Не ўсё ж мне ведаць. I прычым тут мая п'еса? Вы думаеце, што Ларан хацеў бы?..
- Я думаю, што Ларан не толькi хацеў бы, а нават будзе патрабаваць ролi для Месьер. I яшчэ дадам, што не прадбачу асаблiвых цяжкасцей, каб яго задаволiць. Варта ўключыць персанаж, якi...
- Нi за што!.. Гэта парушыць кампазiцыю твора.