Читать «Лясная гісторыя» онлайн - страница 9

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

І каротка кінуў мне:

– Ідзі, ідзі на наша месца. Возьмеш рэчы і будзеш чакаць мяне і Вальку ля слупа № 223.

– Што вы будзеце з ім рабіць? – трывожна спытаў я.

– Нічога. Я абяцаю табе, што не крану яго нават пальцам. Хіба недастаткова, што я сказаў.

Я марудзіў.

– Ты друг мне ці не… Ну.

Я пайшоў. Гэтай клятве я паверыў бы нават, калі Зміцер стрэліў бы ў мяне.

Яны дагналі мяне ля слупа. Я чакаў не больш паловы гадзіны.

– Што з ім?

– Пайшоў дахаты, – змрочна кінуў Валька.

У той жа самы дзень я на два дні паехаў у горад, а калі прыехаў зноў, то даведаўся ад цёткі, што Пашка яшчэ не вярнуўся з палявання, што першы дзень ніхто за ім не непакоіўся, а зараз збіраюцца шукаць.

Кавалак пірага засеў у маёй глотцы. Няўжо Зміцер не стрымаў слова? Няўжо яны забілі гэтую дрэнь? Што ж рабіць?

Я паімчаў да хаты Шчарбянка так, як не бегаў ніколі ў жыцці. Мне пашанцавала. Ён сядзеў на вышках пуні і ладзіў клетку для трусоў. Поруч сядзеў Валька.

– Ну, – спытаў я, – што гэта вы там нарабілі? Чаму Пашкі няма? Забілі Пашку? Адказвайце! Гады печаныя.

Валька схаваўся ў цень, і толькі на яго чырвонай саколцы ляжалі касыя палосы святла. У цемры насцярожана паблісквалі ягоныя вочы. Затое твар Шчарбянка быў асветлены, і гэта быў той самы халодны, падабраны твар.

– Кінь плявузгаць, – сказаў Шчарбянок. – Хіба я не даваў слова?

– Дык дзе ж ён тады, быдла вы бязрогае?

– Напэўна, ідзе дахаты.

У мяне перахапіла дух ад такой бессаромнай хлусні.

– Як ідзе? Колькі ж яму трэба, каб прайсці тыя дваццаць кіламетраў лесам?

– Два дні, галубчык ты мой. Не менш як два дні.

Ён памаўчаў хвіліну і потым дадаў:

– Мы зрабілі яму “самалёт”.

– Які самалёт? – не разумеў я.

– А такі. Высеклі лату даўжынёй метраў дзесяць, паклалі на спіну і прывязалі да яе рукі.

– Ну а далей?

– А далей ён ідзе між дрэў з той хуткасцю, якую яму дазваляе тая лата.

– Што ж вы нарабілі?! – пахаладзеўшы ад жаху, крыкнуў я. – Гэта ж значыць, што не прабярэшся між дрэў, а ў хмызах і пагатоў! Гэта ж ён з голаду, ад смагі здохне.

– Не здохне, – раптам сказаў Валька. – Гэта добрыя людзі здыхаюць, а такія мярзотнікі жывучыя, як кошкі. Выйдзе – чалавекам будзе. А здохне – не шкода.

І тут сказаў Шчарбянок:

– Слухай, браце. Зараз яго ніхто не кране. Я там чатыры разы быў так, каб ён не бачыў, каб думаў, што ён адзін у лесе. Калі б я пабачыў, што ён знемагае і зараз здохне, – я дапамог бы яму. Няўжо ты думаеш, што нават такую дрэнь я пакінуў бы так. Але ён ідзе, ідзе бокам, падае, ляжыць, але ідзе. А як ідзе, з якою хуткасцю – гэта яго справа, – цвёрда адчаканіў Зміцер. – Ён капыта не варты той загубленай жывёліны, а ласяняці – і пагатоў. Хай паспрабуе, як гэта страляць у звера, страляць, калі той з дзіцёнкам хаваўся два дні ў нетрах, падыхаў ад смагі і ішоў на вадапой. Які мужчына дазволіў бы сабе гэта?