Читать «Лясная гісторыя» онлайн - страница 10

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

– Хлопцы, хлопцы! – крыкнуў я ў адчаі. – Што вы нарабілі? Гэта ж турма!

– Ведаем, – спакойна адказаў Валька. – Прабач, мы пагарачыліся, але калі я ўспамінаю ўсё гэта, я… зрабіў бы тое самае. Што ж, няхай турма. Мы ішлі на гэта. Але затое зараз ніхто не будзе паскудзіць нашы лясы. Яны ўздыхнуць, яны будуць дыхаць на поўныя грудзі. За гэта варта і пасядзець. Калі лясны закон слабы – трэба або зрабіць яго больш суровым, або напісаць свой.

– А я, а я як? Чаму вы мяне не ўзялі?

– Ты студэнт, – спакойна, з годнасцю сказаў Зміцер, і я ўпершыню заўважыў дзве жорсткія новыя зморшчыны ў кутках яго рота. – Табе цяжка было б пасля гэтага трапіць зноў у інстытут. А мы ўсё адно не збіраемся вучыцца, і на работу нас прымуць тут яшчэ з большай ахвотай, пабачыш. Ты не сумуй. Усё добра. Ды Ермалюга, можа, і не будзе скардзіцца.

І ён першы палез з вышак.

Мы ішлі вулкаю, накіроўваючыся да пушчы. Перада мною ўсё стаяла дзікая і страшная карціна: чалавек які брыдзе лесам, блытаецца крыллямі свайго “самалёта” ў хмызах, адступае, шукае новую дарогу. Ён хоча пайсці, як усе людзі, – крылы не пушчаюць. І ён ідзе бокам, як жудасны, небывалы самалёт. Ён падае тварам у мох, калі дазваляюць крылы, ён выдзіраецца. Гэта было жахліва.

І ўсё ж ніколі я так не любіў сваіх сяброў і не шкадаваў, што я не разам з імі. Яны былі мае сябры, яны былі людзі, жорсткія лясныя людзі, сапраўдныя людзі, нягледзячы на тую дзікасць, якую зрабілі. Я любіў іх.

Мы ледзь паспелі выйсці за весніцы, як з-за маладых ялінак паказалася нейкая істота. На ёй была ўшчэнт падзёртая вопратка, у яе быў цёмны, брудны твар з парэпанымі вуснамі. Яна ішла, спатыкалася, і вялізны “самалёт” , свежая лата, забруджаная за два дні, вісеў у яе за плячыма.

Істота гэтая ўпала амаль да нашых ног.

– Вады.

І злосць мая кудысьці знікла на хвіліну, уступіўшы месца звычайнаму жалю. Усё ж ён быў чалавек, хоць і самы горшы з тых, каго нарадзіла наша лясная вёска.

Я не памятаю, як я ліў ваду яму ў рот, я памятаю толькі, як рука Шчарбянка лягла на маё плячо і жорсткі голас з нейкім лёгкім трымценнем, ад хвалявання, – сказаў мне:

– Пусці яго. Хай ідзе. Ён пабаіцца. Ён больш вінаваты, чым мы.

І Пашка пайшоў. Ён ішоў павольна-павольна, вызваленыя рукі яго бязвольна віселі, галава была схілена.

Ён ішоў, як абпляваны, як абпэцканы. І мне было сорамна і шкода яго, і, у той самы час, я не шкадаваў.

Усё было як трэба.

Я не ведаю, ці выжыла ласіха, ці засталося ў жывых малое ласянё, але я ведаю, што стрэлы не гучаць цяпер у нашых лясах, у нашых спустошаных пушчах.

Мір вам, звяры, і мір вам, людзі.

Нядаўна я чуў, як за азёрамі трубіў лось, першы лось пасля столькіх год.