Читать «Лясная гісторыя» онлайн - страница 6

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Валька любіць смачныя і рэдкія словы і часта будуе сказ, толькі каб ужыць такое новае слова. Я ўпэўнены, што ён не думае такога пра Шчарбянка.

Але Шчарбянок раптам чырванее і круціць круглай, як шар, галавою.

– Н-ну свіння. Чакай. – Ён лаецца і маўчыць, яму лень узняцца.

– Сходзім, – вырашаю я. – Абавязкова сходзім.

Раптам Зміцер заўважае нешта.

– Гэй, Валька, мне здаецца, што ты лісіцу спаймаў, порткі прапаліў. Ану павярніся, каток, сюды.

Валька борздзенька паварочваецца спіною да Шчарбянка, і той раптам з ляскам падпярэзвае яго па заду доўгай лазінай, якая, невядома як, апынулася ў яго руцэ.

– На табе за “бабздыра”.

Мы ўсе смяёмся. Дзіўны хлопец гэты Зміцер. Яшчэ ў трэцім класе быў моцны, як бык, мацнейшы за ўсіх, а білі яго нават першакласнікі. Ён толькі міргаў вачыма.

– Чаго я яго біць буду?.. Стукнеш – яму балюча будзе, будзе раўці… Крыку, значыцца, многа будзе. Неспако-ойна.

Зачараваныя гэтай непаўторнай філасофіяй, мы з Валькам узялі яго пад сваю апеку, і з тых часоў пачалася наша дружба. Гаворыць ён зусім мала, за ўсё жыццё, здаецца, ні з кім не сварыўся. І вось бачыце, нават з нейкім гумарком, цяжкім, як яго кулакі…

Мы даўно папілі чай. Ляжым на коўдрах і маўчым. Цемра стае густейшай, гэтыя летнія ночы кароткія, на адну дзявочую песню.

Недзе крычыць птушка-бугай. Яна таксама знікае з нашых рэк і балот. Напэўна, тыя самыя невясёлыя думкі прыходзяць у галаву і Вальку, бо ён нечакана абапіраецца на локці, прыўстае:

– Ведаеш што? Цікава, дзе зараз лесуны падзеліся? Дзед Марка іх, можа, сто разоў бачыў. А мы…

– Іх адмянілі, – ляніва сказаў Зміцер.

Валька маўчыць, але я заўважаю ў яго шырокіх чорных вачах нейкі дзіўны агеньчык.

– Хлопцы, а я ведаю, дзе яны. Наш жыве ў Ардзішоўскім заказніку, а бліжэйшы яго сусед аж за Барздзілаўкай, за восем вёрст. Звяр’ё выбілі, лес парадзеў. Раней-та яны суседзі былі, а зараз разышліся далей, бо нетры любяць. Дзеці ў іх, напэўна, паўміралі. А яны ўжо старэнькія. Ходзяць, лічаць звяр’ё – і не далічваюцца… Я нават бачыў: наш да яго ў госці ходзіць, бо трошкі мацнейшы. Пагаворыць так гэта сумна, і наш ідзе дахаты. І ўсё на пнях спачывае, спачывае…

Зміцер пачціва маўчыць. Вядома, такому цельпуку нічога такога не выдумаць, хоць сто год думай. Мы не кажам, што Валька брэша. Мы паважаем нашага друга за гэтую здольнасць.

А Валька перакульваецца на спіну і глядзіць у неба.

Я добра бачу яго белыя вільготныя зубы, загарэлы твар, чорныя валасы, што рассыпаліся па зямлі. І яшчэ вочы з такімі выгінастымі вейкамі, што яны павінны былі б дастацца дзяўчыне.

Я вельмі люблю Вальку.

А ён пачынае ўжо плесці нейкую новую ману:

– Бачыце, хлопцы, ноч ляціць. Унь, на чорным кані. Конь стомлены, ледзь перабірае капытамі ў паветры. І твар у ночы чорны…

Голас яго слабее, заціхае. Праз хвіліну ён спіць. Засынаем і мы, шчыльна захінуўшыся ў стары рыжы палітон і кажушок. Начныя сны ў лесе кароткія. Засынаеш, прачынаешся і зноў засынаеш. І ў сне амаль тое самае, што наяве: далёкі крык пугача, шапаценне хвой, ноч на чорным кані і цэлыя абярэмкі жоўтых касачоў. Часам праз напаўзакрытыя павекі пабачыш язычок полымя, што вырваўся на волю з вуголляў, пачуеш, як сваволіць у сітнягах вадзяны пацук. І зноў цішыня, сны.