Читать «Каханне (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Мопассан Ги Де

Неўзабаве мы былi ўжо на ўскрайку балота i па адной з трысняговых прасек падалiся ў глыбiню яго сухiх невысокiх нетраў.

Ад чыркання локцямi па доўгiм стужкападобным лiсцi ўтвараўся лёгкi шоргат, i мяне, як нiколi, моцна, раптоўна апанавала тое дзiўнае хваляванне, якое вечна выклiкаюць у маёй душы балоты. Гэтае балота было мёртвае, мёртвае ад холаду, - мы iшлi па iм у самай гушчэчы ссохлых чаратоў.

На павароце прасекi нечакана вынiк будан з лёду, прызначаны для нашага прытулку. Я ўвайшоў у будан; да абуджэння пералётных птушак мелася яшчэ амаль гадзiна часу, i я ўкруцiўся ў коўдру, каб трохi сагрэцца.

Я ляжаў на спiне i скрозь цьмянае шкло сценаў свайго палярнага дома глядзеў на цяпер ужо чатырохрогi вышчарблены месяц.

Але стынь ад прамерзлага балота, стынь ад сцен будана, стынь, якая плыла з нябеснага скляпення, хутка праняла так жахлiва, што я пачаў кашляць.

Гэта занепакоiла Карла.

- Такой бяды, калi паляванне сёння не ўдасца, - сказаў ён. - Не хапала яшчэ, каб ты прастудзiўся! Зараз раскладзём вогнiшча.

I ён загадаў лоўчаму насячы трыснягу.

Трыснёг склалi ў кучу пасярод будана, а ў столi зрабiлi дзiрку на дым; i вось ужо высока ўгору шуганула чырвонае полымя, i светлыя крышталёвыя сцены пачалi паволi, пацiху-пацiху адтайваць, здавалася, на брусах лёду выступiў пот. Карл, якi быў звонку, гукнуў мне:

- Гэй, хадзi глянь!

Я выйшаў i спынiўся, як заварожаны. Наш будан, якi меў форму конуса, нагадваў вялiзную зiхоткую перлiну, якая неспадзеўна вырасла на замёрзлым балоце. У сярэдзiне варушылiся нейкiя фантастычныя постацi: гэта каля агню грэлiся нашы сабакi.

I тут да нас дапаў нейкi дзiўны, далёкi, пераменлiвы крык. Наша вогнiшча пабудзiла дзiкiх птушак.

Нiшто не ўражвае мяне так, як гэты першы воклiч жыцця, калi самую iстоту яшчэ ўтойвае змрок, а прасцяг прашываецца пададзеным ёю голасам, якi апавяшчае пра з'яўленне на гарызонце першых проблiскаў зiмовага дня. У такую сцюдзёную досвiткавую часiну мне мроiцца, што крык, якi iмглiва праносяць над зямлёю птушыныя крылы, - гэта ўздых самой душы свету!

Карл сказаў:

- Тушыце вогнiшча. Свiтае.

Неба напраўду святлела, i над намi доўгiмi шпаркiмi хмаркамi пацягнулiся чароды качак i таропка знiкалi з вiдавоку.

Жмук агню працяў змрок: Карл стрэлiў, i сабакi рынулiся шукаць здабычу.

I вось ужо напераменку, то Карл, то я, заўзята ўскiдваем раз-пораз стрэльбы, як толькi над трыснягом з'яўлялася крылатая хмарка, а П'еро i Плёнжон узбуджана, задыхана нясуць нам апырсканую крывёю дзiчыну, якая часта глядзела на нас яшчэ вiдушчым вокам.

Дзень займаўся ясны, блакiтны; за ўзгоркамi ўставала сонца, i мы ўжо намервалiся вяртацца дадому, як тут нечакана проста на нас, выцягнуўшы шыi i растапырыўшы крылы, спiкiравалi два чыркi. Я стрэлiў. Адзiн упаў мне амаль пад ногi. Гэта была качка-мандарынка з серабрыстым жыватом. А ў небе раздаўся адчайны крык. Жаласны, пакутны, нясцерпны крык ацалелай птушкi паўтарыўся ў падсiненым небе, i маленькая iстота закружылася над намi, гледзячы на сваю мёртвую спадарожнiцу, якую я падняў з долу.