Читать «Каханне (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Мопассан Ги Де

Не. Другое нешта вее ад балота, другая, глыбейшая i большая таямнiца трапечацца ў густых туманах: таямнiца самога першастварэння, магчыма! Бо хiба ж не ў стаячай, перамяшанай з iлам вадзе, не ў цяжкай волкасцi тванi пад промнямi сонца зачынаецца, выспявае, просiцца на свет зародак жыцця?

Я прыехаў да сваяка вечарам. Стаяў люты мароз.

Мы вячэралi ў вялiкай зале, дзе ўсюды - i на буфетах, i на сценах, i на столi - красавалася мноства чучалаў разнастайных птушак, якiя то быццам ляцелi, развiнуўшы крылы, то сядзелi на прыбiтым цвiкамi голлi, ястрабы-перапёлачнiкi, чаплi, совы, лелякi, коршакi, шулякi, грыфы, сокалы; сваяк, якi ў жакеце з цюленевай шкуры i сам змахваў на нейкую дзiўную паўночную жывёлiну, расказваў, як ён падрыхтаваўся, каб нам папаляваць у гатую ж ноч.

Мы павiнны рушыць а палове чацвёртай ранкам, каб а палове пятай быць на месцы, абраным для нашай засады. Там з брусоў лёду ўжо складзены будан, у якiм хоць трохi можна будзе затулiцца ад жахлiвага ветру, якi ўсчынаецца на золку i пiлой упiваецца ў цела, рэжа нажамi, коле атрутнымi iголкамi, скручвае вяроўкамi i пячэ агнём.

Сваяк цёр рукi.

- Ну i халадэча! Такой не было яшчэ на маёй памяцi, - дзiваваўся ён. - А шостай вечара было ўжо дванаццаць градусаў марозу!

Пасля вячэры я пайшоў спаць i неўзабаве папраўдзе заснуў, гледзячы на трапятанне вялiкiх языкоў полымя ў камiне.

А трэцяй мяне пабудзiлi. Я апрануў кажух i далучыўся да Карла, таксама апраненага ўжо ў мядзведжае футра. Мы выпiлi па келiху шампанскага ды па шклянцы гарачай кавы i выйшлi на двор, дзе нас чакаў лоўчы з сабакамi Плёнжонам i П'еро.

Ужо з першых крокаў я адчуў, што мяне прабiрае да касцей. У такiя ночы сама зямля здаецца мёртвай ад холаду. Ледзяное паветра настолькi шчытнае, што iм балюча дыхаць; нiводнага павеву, усё навокал знерухомела, застыла; а мароз кусае, працiнае, выпетрывае, знежыўляе дрэвы, раслiны, насякомых, нават дробных птушак, якiя падаюць з голля на скалелы дол i, як дол, калянеюць самi ў абдымках сцюжы.

Месяц у апошняй сваёй квадры ляжаў зусiм на баку, бледны-бледны, быццам i ён памiраў там, у вышынi, такi знямоглы, што не мог нават скрануцца з месца, акаваны, спаралiзаваны холадам нябеснай прасторы. Сухое, сумнае святло iшло ад яго на ўсё наваколле, тое нежывое, сiняватае святло, якое ён штомесяца пасылае зямлi перад канцом свайго адроджанага iснавання.

Мы з Карлам iшлi побач, плячо ў плячо, згорбленыя, з рукамi ў кiшэнях i са стрэльбамi пад пахамi. Паўзверх нашага абутку былi накручаны суконныя анучы, каб ногi не коўзалiся на рачным лёдзе, i мы iшлi зусiм цiха; я глядзеў, як ад дыхання нашых сабак у паветра ўзнiмалася белая пара.