Читать «Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду» онлайн - страница 2

Анатоль Бензярук

Гэтыя “карані жыцця”, пра якія згадваў “найчысцейшы сын свабоды” (так называлі слыннага генерала ўжо яго сучаснікі), прарасталі з глыбокай старажытнасці — ад сям’і, што стагоддзямі жыла на Берасцейшчыне і заўсёды была адданая сваёй зямлі; ад роду, які цудоўна памятаў свае вытокі і ашчадна перадаваў у пакаленнях даўнія дакументы і спадчынныя традыцыі. Таму асобa будучага “Героя Двух Кантынентаў”, ягоныя маральныя чалавечыя якасці, філасофскае ўсведамленне свету, нарэшце, ягоная нацыянальна-патрыятычная свядомасць, шматлікія таленты і закладваліся менавіта ў сям’і.

Постаць Т.Касцюшкі надзвычай цэльная. Сёння ўжо відавочна, што імя і справы генерала павінныя шырэй выкарыстоўвацца на патрэбы беларускага нацыянальнага адраджэння і ўмацавання сучаснай беларускай дзяржавы, як раней (у ХІХ — сярэдзіне ХХ стагоддзяў) яны паспрыялі на карысць вяртання польскай дзяржаўнасці і стварэння сучаснай польскай нацыянальнай ідэі. Таму нядзіўна, што вывучэнне гісторыі сям’і, у якой нарадзіўся будучы военачальнік і палітык, было ў цэнтры ўвагі не аднаго пакалення навукоўцаў. Гісторыя стварэння адмысловых радаводаў і генеалагічных дрэваў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх доўжыцца ўжо 360 гадоў.

У 1641 годзе ў Кракаве пабачыла свет напісаная на лаціне праца Шымана Акольскага “Арбіта Польшчы”, з якой вынікае, што ўжо ў ХVІІ стагоддзі Касцюшкі ўяўляліся сучаснікам старажытным домам, моцна паяднаным сваімі каранямі з Берасцейскаю зямлёй („antiqua domus Kosciuszkonum in palatinatu Brestensi”) [5].

Складальнік аднаго з першых “Гербоўнікаў” польскай ды літоўскай шляхты Каспар Нясецкі (1682 — 1744) амаль без зменаў прывёў запазычаныя ў Ш. Акольскага звесткі пра Касцюшкаў-Сяхновіцкіх [6]. А наступныя шматлікія біёграфы Т. Касцюшкі ахвотна карысталіся названым “Гербоўнікам” пры апавяданні пра пачаткі сям’і, што падаравала Свету “Героя Двух Кантынентаў”.

Паколькі ў ХVІІ — ХVІІІ стагоддзях ідэя стварэння ўласных радаводаў стала надзвычай папулярнаю сярод шляхты (прычым кожны род імкнуўся давесці як мага больш старажытныя, нават легендарныя вытокі), Касцюшкі таксама паклапаціліся пра ўласнае генеалагічнае дрэва.

Стваральнікам яго (прыблізна ў 1695 годзе) стаў надзвычай адукаваны прадзед Тадэвуша Касцюшкі Аляксандр Ян Касцюшка-Сяхновіцкі. Наступнае ”Генеалагічнае дрэва Касцюшкаў-Сяхновіцкіх” было напісана на пергаменце ў другой палове ХVІІІ стагоддзя [7]. На вялікі жаль, абодва гэтыя каштоўнейшыя дакументы страчаныя ў часы Другой сусветнай вайны — загінулі ў пажары Варшавы.

На працягу ХІХ стагоддзя таксама з’явілася некалькі легендарных Касцюшкавых радаводаў. Будаваліся яны выключна на адмысловай фантазіі аўтараў і няведанні імі шматлікіх дакументальных матэрыялаў, што захоўваліся на той час у розных прыватных архівасховішчах ды музейных зборах Беларусі, Польшчы, Украіны, Швейцарыі, Злучаных Штатаў Амерыкі.