Читать «Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду» онлайн - страница 5

Анатоль Бензярук

У значнай ступені дзейнасць музея падтрымлівалася швейцарскімі ўладамі, калекцыя папаўнялася за кошт добрачынных ахвяраванняў. І ў 1906 годзе (да часу выхаду ў свет другога выдання кнігі Т. Корзана) музейныя зборы налічвалі ўжо каля 75 тысяч друкаваных выданняў, 12 тысяч рукапісаў, 8 тысяч фотаздымкаў, больш за тысячу нотных сшыткаў і дзвюх тысяч малюнкаў, а таксама калекцыі зброі, мундзіраў, этнаграфіі [18]. Апроч таго, тут месціўся асобны пакой Тадэвуша Касцюшкі, у якім знаходзіліся 243 арыгінальныя дакументы ХVІ — ХІХ стагоддзяў, прысвечаныя прадстаўнікам ягонай сям’і [19].

У далёкую Швейцарыю касцюшкаўскія паперы трапілі, галоўным чынам, з Беларусі.

Першая частка іх знаходзілася некалі ў Малых Сяхновічах (цяпер Жабінкаўскі раён) ва ўласнасці Казіміры Раманаўны Булгак, праўнучкі Ганны з Касцюшкаў Эсткі, роднай сястры Тадэвуша Касцюшкі.

Другую частку раней захоўваў Станіслаў Валіцкі ў Шпіталях (таксама на Жабінкаўшчыне), прычым, у ідэальным стане: з некаторых папераў былі знятыя дзве, тры і нават чатыры копіі.

Трэці збор касцюшкаўскіх дакументаў знаходзіўся ў прыватным архіве графа Станіслава Касакоўскага ў Войткушках, а пазней быў перададзены ва ўласнасць кракаўскага Ягелонскага універсітэта.

І, нарэшце, апошняя частка дакументаў захоўвалася ў маёнтку Лышчыцы Брэст-Літоўскага павета Гродзенскай губерні ў зборы Марыі Раманаўны Віслоцкай (1846 — 1932), роднай сястры Казіміры Булгак [20]. Сярод іншых рэчаў у Лышчыцах зберагаліся фамільныя партрэты Амброжыя Казіміра і Барбары з Глеўскіх Касцюшкаў, дзеда і бабулі Тадэвуша Касцюшкі — усё, што засталося ад разбуранай родавай капліцы ХVІІ — ХVІІІ стагоддзяў у спадчынных Сяхновічах. Па просьбе Віслоцкіх мастакі А. Рэгульскі і Я. Краеўскі паводле гэтых партрэтаў стварылі гравюры, копіі якіх у 1881 годзе былі змешчаны на старонках “Тыгодніка ілюстраванага” [21]. Сёння выявы Амброжыя і Барбары, намаляваныя брэсцкай мастачкай Вольгай Маслоўскай, упрыгожваюць экспазіцыю мемарыяльнага пакоя Т. Касцюшкі ў Малых Сяхновічах [22].

Усе гэтыя надзвычай каштоўныя крыніцы меліся ў распараджэнні Т. Корзана. Імі ён шырока карыстаўся. І таму ягоная праца, якая змяшчала шмат копій арыгінальных дакументаў, захоўвае сваё навуковае значэнне і па сённяшні дзень. Яна будзе вельмі карыснаю і нам, тым больш, што увесь першы раздзел сваёй манаграфіі слынны навуковец прысвяціў лёсу шматлікіх родзічаў Тадэвуша Касцюшкі.

Акрамя таго, у 1907 годзе Т. Корзан ізноў звярнуўся да жыццяпісу генерала, прысвяціўшы яму навукова-папулярнае выданне пад тытулам “Кім і чым быў Касцюшка”. На гэты раз у кнізе было змешчанае скарочанае радаводнае дрэва сям’і сяхновіцкіх уладароў, яшчэ раней навуковец выступіў у друку са спецыяльным артыкулам, прысвечаным радаводу генерала [23].

Наступныя даследчыкі пры складанні генеалогій Касцюшкаў-Сяхновіцкіх у большай ці меншай ступені абапіраліся на высновы Тадэвуша Корзана, амаль не дапаўняючы яго [24].