Читать «Казкі Янтарнай краіны» онлайн - страница 6
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Але цяпер зусім іншы час, таму на старым быў брызентавы балахон, пад ім безрукаўка-кацавейка, а на нагах валёнкі, падшытыя знізу рабрыстай гумай з аўтамабільнай шыны.
Стары каменціраваў усё, што мы бачылі, цікава і даволі з'едліва.
Мы зайшлі ў відземскую хату. Тут я ўбачыў дзіўную печ, што нагадвае звон, а пад ёю — ачаг і зэдлікі. Сядзі сабе ў зімнюю халодную ноч, як у цагляным пакоі, і прадзі або вяжы сеткі: цёпла, светла (я асабіста дык і не вылазіў бы, так і спаў бы тут). На дварэ завіруха, а тут скача агонь, тут казкі, тут жыццёвая мудрасць старых і жарты моладзі. Хораша!
I вось калі мы выйшлі ў бакоўку гэтай цудоўнай, старажытнай (яна мае не менш як дзвесце год) хаты, стары паказаў нам гравіраваны партрэцік чалавека ў лаўровым вянку.
— Сляпы Індрыкіс, — сказаў нам вартаўнік, — быў калісьці такі паэт… I вось, бачыце, вісіць на сцяне ў сялянскай хаце. Вы відушчыя — ці заслужылі вы такі гонар?
Я не скажу вам, хто з нас спаслаўся на нашу маладосць. I тады стары ўсміхнуўся:
— Ну, а са старэйшых вашых сяброў многія заслужылі?
— Чакайце, — неяк трохі самаўпэўнена сказаў я, — вось памром… можа, тады ўжо.
— Канечне, — суцешыў нас добры стары. — Толькі Індрыкіс, каб ён не быў сляпы, мог бы сам убачыць гэты партрэт у сялянскай хаце.
I, памаўчаўшы, спытаў:
— Што ж, можа, людзі горш пачалі пісаць?
— Не, — упершыню сур'ёзна сказаў я. — Лепш.
— Вось бачыце, значыць, лепш, ды не ўсе… Часамі каторыя былі паадвыкалі ад святой шчырасці кожнага слова… Што ж, хлопцы, ідзіце далей самі. Ногі ў мяне дрэнна ходзяць… А малады — бегаў…
Гэтая сустрэча была, бадай, самая цікавая за апошнія гады. Таму я і расказаў вам пра яе.
Мне робіцца лягчэй на сэрцы, калі бачу, колькі харошых хлопцаў (з той самай святой шчырасцю радка, аб якой казаў стары) з'явілася за апошні час. Моцныя повязі сплятаюць гэтых людзей, у якой бы краіне яны ні жылі. Братэрства нацый, братэрства шчырасці, братэрства паэзіі. I вось ужо на твары зямным алмазная сетка — ад сэрца да сэрца. Гэта толькі тыя, каго я ведаю: Знаменскі, Нішніянідзе, Астаф'еў, Барыскоў, Іяселіяні, сотні-сотні другіх. I колькі іх на Беларусі, і колькі ўсюды! Праз рэкі, моры, акіяны — тысячы моцных повязяў, братэрства сэрцаў.
Я рады, што і Латвія падарыла мне некалькі яшчэ нядаўна нечаканых, а цяпер неабходных сяброў. Не кажучы ўжо аб Героніме.
Гэта ўсе сапраўды добрыя хлопцы. Гэта Ояр Вацыеціс (Вацыеціс азначае "немец", хоць ніякі ён не немец, а латыш), гэта Арвід Скалбе (не той Скалбе, што пісаў казкі для дарослых, а той, што піша казкі для маленькіх), Яніс Лусіс (невядома, калі ён смялейшы: тады, калі водзіць яхту, ці тады, калі ўзнімае праблемы).
Рэдка калі я сустракаў такіх чыстых, такіх адданых справе паэзіі людзей (я маю на ўвазе не толькі вершы). I што самае дзіўнае ў латышскім характары — чысціня ў ім не мяжуе з тым ідыёцка-сумным ідэалізмам, ад якога кожнага нармальнага чалавека нудзіць.