Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 77

Раіса Баравікова

2

Я сядзеў перад экранам знешняга назірання, дзе высвечваўся кавалак халоднай зоркавай бездані, і раптам у мяне ўсё паплыло перад вачыма... Экран сам па сабе адключыўся. А я адчуў, як па ўсім целе разлілася такая слабасць, што цяжка было паварушыць рукою. І ўсё ж я змог дацягнуцца да кнопкі ў сцяне адсека, пад якою значыўся немудрагелісты надпіс: доктар Савіч. І ў тое ж імгненне пачуўся голас Антона — нашага камандзіра:

— Доктар Савіч — непрытомны! У яго штосьці накшталт цеплавога ўдару. — І праз кароткую паўзу загадаў: — Усім падключыцца да стымулятараў! Пілота-робата нумар два давялося замяніць. Яго з'ядае невядомы від карозіі. Астрафізік мяркуе, што мы патрапілі ў поле яшчэ не адкрытых таемных касмічных энергій.

Я паспрабаваў падняцца з крэсла і не змог. Нейкая сіла бы прыклеіла мяне да яго. У галаве шумела, скроні пранізваў страшэнны боль, здавалася, вось-вось пачнуць лопацца сасуды мозгу. Раптам я пабачыў перад сабою доктара Савіча. Ён як быццам выплыў з маіх думак, таму што якраз у гэты момант я падумаў пра яго. Паведамленне Антона, што доктар страціў прытомнасць, мяне ўстрывожыла, а цяпер яшчэ больш тое, што ён з'явіўся тут, перада мною — з паветра, з ніадкуль!

— Доктар Савіч, ты мяне напалохаў — прашаптаў я, і ў маім голасе чуўся калі не перапуд, дык вялікае здзіўленне. Але прывід доктара Савіча як з'явіўся, так і расплыўся ў паветры. У галаве закруцілася думка: «Гэта — трызненне! Я трызню!» І раптам мяне ўсяго скаланула, па целе прабегла сутарга, нейкая сіла падняла мяне ўверх і апусціла назад у крэсла, пасля чаго я адчуў палёгку. Жыццёвыя сілы вярталіся да мяне, і я хутка ўскочыў з крэсла. Падумалася, што трэба зараз жа падключыцца да стымулятараў, але тут зноў пачуўся Антонаў голас:

— Батаніка, лабаранта і астрафізіка тэрмінова прашу да сябе ў адсек. Бортмеханіку загадваю падрыхтаваць зонд для вывучэння паверхні.

«Няўжо мы ўжо знаходзімся над Цэнтаўрай? — мільганула думка, і я зірнуў на экран знешняга назірання. Ён па-ранейшаму быў цёмны. — Ну, што ж? Трэба ісці да Антона!»

І як толькі я выйшаў з адсека ў доўгі вузкі калідор, адразу пабачыў нашага астрафізіка.

— Як ты? — запытаўся ён. — Мы патрапілі ў нейкую касмічную калдобіну. Падлятаем да аднаго са спадарожнікаў Цэнтаўры. Я ўжо бачыў яго на экране ў Антона. Мой не працуе. Самаблакіроўка.

— У мяне тое самае, — махнуў я рукою і пацікавіўся: — Ну, а што спадарожнік?

— Па памерах амаль як Цэнтаўра, а па форме — самая сапраўдная бульбіна. Зараз сам пабачыш...

Астрафізік хацеў яшчэ штосьці сказаць, але ў гэты момант карабель трасянуўся ўсім сваім шматтонным корпусам, і мы не ўтрымаліся на нагах — пападалі на падлогу. Чулася, як у адсеках штосьці рушылася, грукацела, звінела. Калі б мы былі ў гэты момант на зямным моры, можна было падумаць, што пачаўся страшнай сілы ўраган. Але мы былі ў космасе, і тут магло быць адно: катастрофа! Мы церпім катастрофу! Ва ўсякім разе, гэтак думалася мне, і я чакаў, што вось-вось карабель распадзецца на часткі. Яго трэсла, кідала з боку на бок, і мы з астрафізікам лёталі ад сцяны да сцяны.