Читать «Каваль (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Эмиль Золя

Металiчны бразгат i ляскат, што вечна трываў унiзе, насычаў маю кроў жалезам. I ад гэтага мне рабiлася лепш, чым ад лекарскага зелля. Я прызвычаiўся да вэрхалу, бо музыка малаткоў i кавадла была мне неабходна, каб адчуваць сябе жывым. У пакоi пад шум мяхоў я зноў рабiўся сабою. Тук-тук-тук-тук - гучала паўсюль, быццам спеў вясёлага маятнiка, якi гойдаецца ў такт маёй працы. Я чуў, як, апантаны працай, Каваль б'е па распаленым жалезе i як яно стогне ад д'ябальскiх скокаў раз'юшаных малаткоў; у гэтакiя моманты мая рука iмкнулася пiсаць, i я, здавалася, хацеў сплюшчыць гэты свет адным ударам пяра. Потым, калi кузня змаўкала, мой iмпэт таксама сцiхаў, я iшоў унiз, глядзеў на пераможаны метал, i мне рабiлася сорамна за працу, якой я займаўся.

Але ж якiм волатам быў Каваль часам у цёплыя поўднi! Ён стаяў голы па пояс з моцна напружанымi мускуламi i быў падобны на адну з тых фiгур Мiкельанджэла, якiя выгiнаюцца ў вышэйшым намаганнi. Калi я глядзеў на яго, дык бачыў тую сучасную скульптурную лiнiю, што марна шукаюць нашыя мастакi сярод мёртвых руiнаў Грэцыi. Я бачыў у iм героя, выхаванага працай, нястомнага сына нашага стагоддзя, якi бесперапынна куе на кавадле зброю нашага аналiзу i гартуе агнём i жалезам будучае грамадства. Ён гуляў са сваiмi малаткамi. Калi хацеў пасмяяцца, ён браў "паненку" i з ўсяе сiлы бiў. I ў ружовым ззяннi горана выбухала навальнiца. Мне здавалася, што гэта быў уздых народа, занятага працай.

Менавiта тут, у кузнi, сярод плугоў я назаўсёды вызвалiўся ад сваёй ляноты i падазронасцi.