Читать «Каваль (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Эмиль Золя

Пазней я часта праводзiў дзень у кузнi. А зiмою цi ў дождж я зусiм не выходзiў з яе. Мяне цiкавiла праца. Упартае змаганне Каваля з грубым жалезам, з якога ён ляпiў што хацеў, захапiла мяне, быццам вялiкая драма. Я сачыў, як з печы метал трапляе на кавадла, я бясконца здзiўляўся, - як ён гнецца, выцягваецца, скручваецца, нiбы нагрэты воск, i паддаецца пераможнай моцы рабочага. Калi плуг быў гатовы, я сядаў перад iм на кукiшкi i ўжо не пазнаваў у iм таго бясформнага ламачча, якое бачыў напярэдаднi, я пiльна ўглядаўся ў паасобныя часткi плуга, i мне здавалася, што нечыя валатоўскiя рукi без агню далi рады ўсяму жалезнаму хаосу i навялi лад. Мiмаволi я ўсмiхаўся, калi ўзгадваў сабе дзяўчынку, якая калiсьцi пад маiм акном некалькi дзён запар скручвала кволымi пальчыкамi медныя драцiнкi i шаўковай нiткай увязвала на iх самаробныя фiялкi.

Каваль нiколi не скардзiўся. Яму даводзiлася каваць чатырнаццаць гадзiн засаб, а ўвечары зноў смяяўся добрым смехам i задаволена пацiраў рукi. Ён нiколi не сумаваў, нiколi не нудзiўся. Калi б яго дом пачаў валiцца, ён падставiў бы плечы i ўтрымаў яго. Зiмою ён казаў, што ў кузнi ўтульна. А летам расчыняў насцеж дзверы, i туды наплываў водар сенажацi. Калi сонца кацiлася ўнiз, мы сядалi поплеч, на ганак. Кузня стаяла на ўзгорку, i мы бачылi ўсю прастору далiны. Ён шчаслiвiўся з гэтай неабсяжнасцi ўзараных палёў, якiя ў светла-бэзавых прыцемках хавалiся далёка на небакраi.

Каваль любiў пажартаваць. Ён казаў, што ўсе гэтыя землi належаць яму, бо дзвесце год яго кузня рабiла плугi ўсяму наваколлю. Ён ганарыўся гэтым. Кожны ўраджай быў ягоны ўраджай. Калi ралля зелянела ў маi i жаўцела ў лiпенi, дык гэта дзякуючы яму. Ён любiў ураджай, нiбы сваiх дачок, захапляўся сонечнымi днямi i пагражаў кулаком хмарам, з якiх сыпаўся град. Часта ён паказваў мне палетак, якi быў меншы за крысо яго курткi, i расказваў, у якiм годзе выкаваў плуг для гэтага загончыка з аўсом цi жытам. Iншы раз пакiдаў свае малаткi, станавiўся ўзбоч дарогi i, засланяючы вочы ад сонца, глядзеў. Ён глядзеў, як яго дзецi-плугi ўгрызаюцца ў глебу, узрэзваюць гонi. Плугi аралi па ўсёй далiне. Запрэжкi, якiя нетаропка рухалiся, былi падобныя на паходныя рацi. Лемяшы ззялi на сонцы, рассыпалi срэбныя зайчыкi. А Каваль махаў мне рукой, клiкаў мяне, крычаў, каб я iшоў паглядзець, якую "вялiкую справу" робяць яго плугi.