Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 48

К Акула

Камiсар выпiў ваду за тры глыткi, сядзеў i выцiраў насаткай пот з твару, дый зноў нешта паўголасам сказаў Сабакевiчу. Ромкаў гаспадар устаў.

- Таварышчы, мы сiчас праслухалi очынь iнцярэсную рэч таварышча Маршалкава i благадарым яму за гэта. Мы цяперака знаiм пра нашага вялiкага важдзя таварышча Сталiна i яго заботы аб нас. I мы далжны, па маяму мненiю, паслаць благадарсьцвiнная пiсьмо савецкаму правiцельству за наша асвабаждзеньня й паслаць тожа благадарсьцвiнная пiсьмо лiчна таварышчу Iёсiпу Вiсарыенавiчу Сталiну...

Гэтым разам воплескi пачалiся ад Пятуха. Скваплiва падтрыманыя бальшавiкамi, яны завялi й рассыпалiся мiж сялян. Пасьля камiсаравай гутаркi, хто мог пярэчыць Косьцiкавай прапанове? Сабакевiч прачытаў зьмест лiста чырвонаму дыктатару, якi зноў-жа рэдкiмi вялымi воплескамi быў "энтузiястычна" прыняты.

Хоць гэным часам вялiкая задуха поўнiла залю, нiхто не манiўся на двор iсьцi. Цi нi чакалi самага найцiкавейшага. I чакаць доўга не давялося. Косьцiк папрасiў спынiць на залi гамонкi.

- Цяпер таварышч Маршалкаў будзiць гатоў атвецiць, есьлi ў каго ёсьць якiя вапросы.

Адразу паднялася Вульляна.

- Я-бы от хацела ведаць калi гэта мае сыны-галубкi з вайны вернуцца. Вайна-ж ужо мусiць скончылася й вы, паночак, можа скажаце...

Вульляна кутом хусьцiнкi выцiрала сьлёзы, што ў вочы наплылi. Слова "паночак" выклiкала сьмех.

- Гэта-ж даруйце, таварыш камiсар, цi як вас зваць... Гэта язык мой так па прывычцы...

- Нiчога, гражданка, нiчога, - усьмiхнуўся афiцэр.

- Дык як гэта, цi маглi-б вы сказаць? - насядала Вульляна.

- Вашых сыноў белапалякi змабiлiзавалi?

- Ага. Дый ня толька маiх, алi ўсiх зь вёскi.

У голасе жанчыны адчувалася трывога ня толькi за сваiх, але за ўсю вёску. Камiсар не сьпяшаўся. Ён паволi агледзiў прысутных. У шматлiкiх вачох прачытаў вялiкую цiкавасьць.

- Як вам ведама, сыноў вашых, братоў, мужоў i бацькоў забралi польскiя памешчыкi, асаднiкi й розная буржуазiя, каб яны пралiвалi за iх сваю кроў, каб ваявалi за iнтарэсы чужыя для сялян i рабочых, каб мець пушачнае мяса для вайны, якую яны самi-ж, значыцца белапольская буржуазiя, распачалi. Яны, канешне, груба памылiлiся й вайну прайгралi. Як пэўне вам таксама ведама, Савецкi Саюз мае дагавор дружбы зь Вялiкай Германiяй. З гэтага выходзiць, што Савецкi Саюз i лiчна Iосiф Вiсарыёнавiч Сталiн ня толькi пастараюцца вярнуць дамоў вашых змабiлiзаваных землякоў у найкарацейшы срок, але й тое, што наш саюзьнiк - Вялiкая Германiя - пойдзе нам на руку. Гэта адносiцца тых з вашых, каторыя папалiся ў плен да германцаў. Калi-ж iдзе пра тых, што злажылi аружжа нашай Чырвонай Армii, тут дзела выглядае яшчэ лепш. Iх распусьцяць дамоў неадкладна. I ў адным, i ў другiм выпадку - магу вас запэўнiць - сам таварышч Сталiн паклапоцiцца, каб землякi вашы скора дамоў вярнулiся.