Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 46

К Акула

Першы "таварыш" зь левага боку ўвыдатняўся амаль квадратовым тварам, лысай лабацiнай, здаравеннай памялом-барадой, вусамi, ды двума пукамi валасоў, што зьвiсалi па бакох твару й з барадой зьлiвалiся. Нагадваў ён Iцку, што селядцамi ў глыбоцкай краме таргаваў.

Узяў некалi бацька з сабой Янука на кiрмаш. Вялiкi пост быў на носе, дык па дарозе дахаты забегся Пракоп у краму селядцоў купiць. Доўга з крамнiкам таргаваўся, а Янук сачыў як хадуром хадзiлi ў жыдоўскай барадзе пэйсы й дрыжэлi з-пад ярмолкi якраз во як у гэтага даўгiя пукi валосаў. Выйшаў бацька з крамы, як вялiзны скарб трымаў у руках загорнутыя ў "Кур'ер Вiленскi" селядцы, ёмка плюнуў на бок i злосна прашыпеў: - Цьфу на цябе, жыдзiшча пракляты! На паўтузiне селядцоў усяго толькi адзiн грош спусьцiў. Каб табе бокам вылiзла!

Iцка на партрэце выглядаў больш зухаватым за таго глыбоцкага, ды было ў гэнай зухаватасьцi нешта з камiчнага. Вось, здавалася, чхне ён зараз палюдзку й разьвеюцца-разьлятуцца гэныя пэйсы й вусы.

"Таварыш" з другога партрэту паказелiўся на першага. Гэты меў бародзiшча з добры бярозавы венiк, каторым у лазьнi хвасталiся, здаравенныя вусiшчы й даўгiя, назад чэсаныя валосы. Твар ягоны нагадаў Януку ўраднiка, аднаго аздобнага панка, што бачыў у горадзе, хоць той без барады хадзiў.

Трэцi партрэт сьвяцiўся вялiкай, як кацёл, у каторым мацi бульбу сьвiньням варыла, круглай лысiнай. Косыя, прыжмураныя вочкi жулiкавата пазiралi на двух папярэднiх барадачоў.

"Таварыш" з апошняга партрэту паказелiў тупыя, ледзяныя, бяз iскрынкi жыцьця ў iх, вочы проста ў залю. Холадам ад iх нясло. Гэтага, як чуў Бахмач, звалi Сталiнам. Партрэт ягоны Палякi на браме прастрэлiлi, якраз у вока, шэльмы, трапiлi.

Зьнiзу пад партрэтамi вiсеў лёзунг. Бачыў Янук ужо цi мала такiх у Гацях. Вялiкiя лiтары з чырвонага палатна крычэлi: "Да здравствуют освобождённые трудзящиеся массы Западной Белоруссии и Западной Украины!"

Косьцiк Сабакевiч, у шэрым касьцюме, пад гальштукам, важна ля камiсара расьсеўся, вiд баявы трымаў. Нагадваў на кучы гноя пеўня, што вялiкай курынай грамадой валадарыў.

То цурчэў бесьперапынна, то капаў буйнымi, для адпаведных нацiскаў, кроплямi камiсараў голас. Нiколi ня чуў Янук такой складнай, даўгой i бесьперапыннай гамонкi. Мужчына сярэдняга веку, сьветларусыя, пышныя валосы, круглы, добра адпасены твар, завойстраны падбародак. Сiнiя вочы ў сулад гутарцы й жэстам рук бегалi па грамадзе, але, здавалася, яе ня бачылi. Твар мяняўся адценьнямi. Афiцэр гаварыў малазразумелай мовай, але выглядам ад мясцовых ня розьнiўся. Можа сам з такiх мужыкоў выводзiўся.

Янук уважна разгледзiў гладкi пас, што бег праз камiсарава плячо й спалучаўся з шырокай дзягай, якая ахапляла тучны жывот. Прыгожым золатам зьзяла ў спражцы вялiкая пяцiкутная зорка.

Цяжка было канцэнтравацца на сэньсе камiсаравай гаворкi. Рэха назойлiва прыносiла палкае дзяўчынiна шаптаньне: "пытаюся, цi любiш мяне, дурненькi... калi люнбiш, то пацалуй". Яшчэ не астылi ад гарачага цалунку вусны; здавалася, што зь вялiкага сораму пачырванелi кончыкi вушэй. Высака заголеная за каленi сукенка, белыя зубы жвуць-забаўляюцца мяккiмi валосамi, духмянасьць канюшыны й пажадальныя аганькi ў вачох дурманяць галаву.