Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 38

К Акула

- А от i знаю, от i угадаў! - хвалiўся Стась.

Ля Пятуховай клецi стаяў Захарукоў Пятро й чагосьцi ўзiраўся ў перакладзiну гушкалкi.

- Гэй, Пятро, што ты тамака ўвiдзiў такога? - гукнуў Янук.

- Ого, яшчо што! Вiрабей на вiраб'iсе ехаў, от што, га-га! - зарагатаў дзяцюк. - А ты ня вiдзiў?

- Ды не, дзе мне там вiдзiць. А куды-ж ён паехаў, той вiрабей? усьмiхнуўся Янук.

- Ды на Рахволiну гэну лiпу. Гы-гы-гы! - рагатаў Пятро, выставiўшы карэлы палец.

Янук пазiраў на прастадушнага дзяцюка й самаго сьмех браў.

- Ну дзе хто ёсьць, Пятро?

- Пашлi арудзii глядзець, казалi.

- Якiя такiя арудзii?

- Кажуць, што бальшавiкi надта-ж вялiкiя ў Лiпавiчы прыцягнулi.

- А хто пашоў?

- Ды многа хто. Я нi знаю.

Янук зьбянтэжыўся. Што думаць пра дзяцюка, каторы ўсё яшчэ сачыў тое месца, дзе быццам "вiрабей на вiраб'iся" ехаў? Паволi рушыў. Ужо быў на паўдарогi да Макатунiшак, калi спасьцярог куды йдзе. Самi ногi павялi. Даўно рупiла Дуню бачыць, ды ўсё замiнала нешта.

У Макатунiшыным дварэ было пуста. На дарожцы Аленiны дзеткi забаўлялiся з каляскай i на iх пазiрала з-за плоту карова. Янук спынiўся ля дзьвярэй хаты.

- Мама, як-бы гэта дзе люстэрка дастаць? Нiма ў чым паглядзецца... ў гэтым асколачку нi вiдаць нiчога. Мама, пекная я цi не?

Мiлы галасочак за дзьвярмi, поўны нейкай радасьцi, казытаў Янукова сэрца.

- Ты сядзi тутака й ня рыпайся! - намахаў хлапец пад нос Тапсiку пальцам i адчынiў дзьверы.

У хаце было цемнавата, але Януковым вачом да гэтага не прывыкаць. Хуткiм позiркам ахапiў цэлы новы сьвет, тое нешта зусiм адменнае й надзвычайнае, што зьмянiла раптам атмасфэру там, дзе вечна галеча панавала.

Макатунiха з Аленай стаялi перад кучай адзеньня ля стала й разглядалi сукенкi. На лаве ляжалi блюзкi, андаркi, навет пара пальтаў. Перад сьцяной ля стала, выпiнаючыся перад тым спэцканым мухамi зубам, што астаўся ў раме ад пабiтага люстэрка, круцiлася й гладзiла паясьнiцу рукамi ягоная сяброўка Дуня. Янук ступiў пару крокаў i спынiўся. Дуня рэзка пабярнула галаву й васiлькi-вочы зазьзялi цудоўнай усьмешкай.

- Янучок, як добра, што ты прышоў. Скажы цi любiш ты гэту сукенку? Га?

Доўгiя валосы, як гладка расчэсаны лянок, ападалi на плечы й закрывалi верх лёгка-блакiтнай шаўковай сукенкi. Быццам для яе пашытая, сукенка ўвыдатняла хараство дзяўчынiнай фiгуры. Колерам гарманiзавала яна з тымi васiльковымi вачмi, у каторых зьзялi цяпер iскрынкi захапленьня й радасьцi. Шорсткiя ад працы далонi рук бесьперапынна гладзiлi сярэдзiну сукенкi, быццам шоўкам гэту шорсткасьць згладзiць хацелi.

Янук разявiў рот i пра язык забыўся. Твар ягоны залiла сарамлiвая чырвань. Цi ня ў прылiве захапленьня новым набыткам, дзяўчына забылася зашпiлiць перад сукенкi зьверху. На Янука пазiралi дзьве тугiя, ружовыя пупушкi дзявочых грудзей. Нешта казытала пад грудзьмi, млявасьцю поўнiлася цела, ледзь трымалi ногi. Зь мiнулага выплыў вобраз тых самых тугiх дзявочых пупушак, мо крыху меншых. Дзе гэта было? Тады Дунiны васiлькi вялiкай злосьцю iскрылiся. Так, гэта цi нi на полi, пасьля таго як Шпунт на яе ў лесе напаў, танную й зношаную сукенку зьверху парваў. Яму-ж, тады нявiнаватаму, дзўчына хлёсткую аплявуху адвесiла. Цяпер-жа ў гэтых вочках-васiлёчках радасьць вялiкая, гарэзьлiвыя матылькi пырхаюць.