Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 37

К Акула

10

Пракоп i Алесь сядзелi ў куце ля стала, Янук, Надзя й Мiкола - на лавах каля сьцен, а Кацярына - ля печы. Гутарка йшла так, як мокрае гарэла. Усе скупiлiся на словы, больш думалi.

Кагадзе забегся да Пракопа калiшнi "драгомiшч", цяперашнi "акцiвiст" Лявон Шпунт.

- Дзядзька Пракоп, прыхадзiце ў нядзелю пад вечар у школу, - сказаў, прывiтаўшыся.

- А што тамака ў школе?

- Сход будзiць, от што. Прыказ прышоў.

- От як, - разявiў рот Пракоп. - А што за сход такi?

- Камiсар прыедзiць. Тамака ўвiдзiця й пачуiця.

Не разьвiтаўшыся, "акцiвiст" пайшоў, каб iншым наказаць. Забягаўся й да Алеся.

- Нi казаў-жа табе Лявон, пра што той камiсар гаварыць будзiць? пытаўся Алеся Пракоп.

- Ды не. Ён сьпяшыў, бо казаў, што цэлую вёску трэба аб'езьдзiць. А пра што, ты думаiш, камiсар можыць гаварыць?

- Пра новыя парадкi, а што яшчо...

- Ну дык во...

- Можа варта схадзiць?

- Варта? Казаў мне Лявон, што абiзацiльна, от што...

- Каб ён i нi казаў, дык i так усе папрыходзяць. Людзям карцiць даведацца што новага.

- Чаму-ж не, цiкава...

- А гэтага дзiравага шляхцiца нi адпусьцiлi яшчо? - спытала Кацярына.

- Казаў мне ўчора шавец Пiлiп, што Лазоўскага парабок Яўхiм яму тавар на боты прынасiў. Добры хром, сам вiдзiў учорака. Гэта-ж мусiць у пана свайго ўзяў. Дык казаў, значыцца, Яўхiм, што i Лазоўскага дзержуць i гэтага нашага дзiравага дый многа каго.

- Скончылася кату масьлiнiца, - адазваўся Алесь, - пiраберуць во памаленьку ўсiх павукоў гэтых.

- Пiраберуць, чаму-ж не, - згадзiўся Пракоп.

- Вы ня цешцеся з чужой бяды, - папярэдзiла Кацярына. - Глядзiця, каб вам нi дасталося. Знаiця якое начальства будзiць цяперака.

У хаце запанавала цiшыня. Вялiкая чорная муха, зьнядужэлая доўгiмi намаганьнямi, каб выбрацца на двор, вяла трымцела на карэлай шыбе вакна.

- Ты, Янук, от што, - адумаўся Пракоп, - замiж гэтта тарчэць, дык бяжы й паслухай дзе й што людзi гаворуць. А як даведаешся дык прыдзiш i нам раскажаш.

- Добра, тата, схаджу. Толька да каго пайсьцi?

- Найперш тамака ля Пiтуховай клецi некага знайдзiш. Сам глядзi, не малы-ж ты ўжо.

На вулiцы Янука спынiў Стась.

- А ты, Янук, ня вiдзiў што Макатунiшкi ад лiпавiцкага пана паперлi, а я вiдзiў, - хвалiўся сябра, выцiраючы бурбалку пад носам.

- Як гэта паперлi? Хто? - разявiў рот Янук.

- Алена з маткай. Два мяшкi на плячох, ды такiя цяжкiя, што чуць iшлi.

- А табе хто казаў, што зь Лiпавiчаў?

- Чуў як Кмiтава Аўдоля бабам гаварыла.

Янук рушыў пад Пятухову клець.

- Ты куды гэта? - насядаў Стась.

Янук нiчога не адказаў, адно пагладзiў Тапсiка. Задуманы пра Макатунiшак i мяшкi, што "паперлi", ён цi нi забыўся пра сябру.

- Ага, я знаю, знаю! Думаiш нi знаю? - усхадзiўся доктараў хлапец. Гэта ты да Дунi пойдзiш паглядзець, цi пекную ей сукенку прынясьлi. Я знаю, знаю! - галёкаў, падскакваючы.

Янук схапiў невялiкi камень i ёмка пусьцiў яго Стасю пад ногi. За камянём кiнуўся сабака. Доктараў сын зручна адскочыў на бок i камень стукнуў аб тын.