Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 23

К Акула

Увесь цяжар наладжаньня паховiнаў падаў на Косьцiка Сабакевiча, каторы пасьля такой нефартуннай ранiцы ля брамы не хацеў у хаўтурную грамаду паказвацца, ды сам за ўсiх камунiстаў вачмi сьвяцiць. Ён настойваў, каб сваiх верхаводаў параiцца, ды рабiць што загадаюць.

- Знаеце што, дзяцюкi? Давайце пойдзiм па чарцы пiракулiм, а там можа праясьнiцца трохi, - запрапанаваў Лявон.

- Добрая думка, - згадзiўся Хвёдар.

- Чаму-ж не, - падтрымаў Косьцiк.

- Матка, яечню пячы! - гукнуў Лявон, дзьвярмi скрыпнуўшы. Руплiвай Шпуньцiсе паўтараць ня трэба было. Дзяцюкi раскашэлiлiся на ўслонах ля стала. Неўзабаве прыемна засквiрчэлi на патэльнi скваркi. Лявон нарэзаў хлеба й выцягнуў пляшку першаку. Сiвуха прыемна забулькала ў вялiкiх чарках. Паднялi за вызваленьне, за сьветлую будучыню. Адно пасьля трэцяй чаркi пасьмялелi языкi, а пасьля чацьвертай да няскончанай тэмы вярнулiся. Ранейшыя розьнiцы поглядаў цяпер больш ёмкiмi словамi выказвалiся, Быццам змовiўшыся, Косьцiк i Хвёдар на Лявона насядалi.

- Сынок, а чаму-ж-бы не памагчы табе? - ўбiлася ў гутарку Шпуньцiха. Бабы-ж самыя, радачкi нi дадуць...

- А ты, мацi, маўчы! Нi касаiцца цябе тутака! - гаркнуў пачырванелы Лявон i на падмацаваньне свайго аргуманту кулаком па стале трахнуў.

- Добра, пушчай так i будзiць, - фiнальным тонам заключыў Косьцiк. Мутнымi вачмi ўважна сваiх субяседнiкаў зьмерыў: уважайце, маўляў, цяпер "уласьць" прамаўляе.

- Калi на тое пашло, дык так i зробiм, - пачаў Сабакевiчаў аўтарытэтны голас. - Вы падскочце ў Гацi i ўсё дзела Саладуху расталкуйце. Што ён скажыць, тоя й будзiць. Я-ж сам да Макатуноў падамся. Бабы, верна, нi маюць з чаго дамавiны зрабiць. Дык от, значыцца... у бацькi дошак папрашу. Дзяўчына-ж на харошую дамавiну заслужыла, хэ-хэ, - спрабаваў Косьцiк гаворку жартам закончыць i твар ягоны грымасай скрывiўся.

- Цяперака ты, братка, падзелавому гаворыш. Адразу-бы так, - апрабаваў Косьцiкаву пастанову Павалiцкi Хвёдар. Вялiкiм размахам рукi выцер засаленыя вусны й вусiкi.

Калi апусьцела патэльня й лiтроўка. дзяцюкi ўсталi з-за стала й навет Шпуньцiсе не падзякаваўшы, за дзьверы накiравалiся. Лявон з Хвёдарам на самакатах у Гацi выехалi, а Косьцiк праз хрыбет Гараваткi йшоў да Макатунiшынай хаты. Ступаў паволi, на свае зьбiтыя хромавыя боцiкi пазiраў. Даўно-даўненька халявы скрыпець перасталi, гэтак наскрыпелi-абрыдлi iм швэнданьнi пад уладай панскай. Прыгадаў, што пры першай нагодзе трэба было-б бацьку падаiць, каб даў тавару на новыя боты, якiя, як вядома-ж, шавец Пiлiп яму, начальнiку паважнаму, хутка й хлёстка пашые.

Ацяжэла адурманеная самагонкай i бяссоньнiцай галава. Цягнула прылегчы, пару гадзiнаў добрага сну адкацiць. Адылi розныя думкi назойлiвым роем у галаве гудзелi, вайстрылi падношаную дзяцюкову энэргiю. Спасьцярог, што ногi ягоныя на Архiпа накiрунак трымалi. Спынiўся, працёр заспаныя вочы. У iх засьвяцiлi злыя самалюбныя аганькi.

Ня чуў нiколi Косьцiк пра Бальзаковага студэнта Растыньяка, што з пажадальным уздыханьнем мерыў з узвышша Сталiцу Сьвятла й мяркаваў як пакарыць яе. У студэнтавых думках маячылася неасягальнае багацьце й прынадныя прыгажунi ў раскошных спальнях, а ў Сабакевiчавых - улада, помста й собская нажыва. Ласкi прыгажунь былi далёка ззаду. Адылi й Растыньяковы й Косьцiкавы пажаданьнi вырасьлi з аднаго карэньня. Розьнiца была ў этапе працэсу самаго пакарэньня, ды ў абыймах мэтаў. Малады студэнтадно марыў i плянаваў, а Ромлкаў гаспадар ужо на вяршынi з усей сiлы пялiўся.