Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 22

К Акула

Дужае, прыгожае, прынаднае й чыстае як крынiчная вада гэта слова. З адлегласьцi спанатрыць льга было прыемны водар яго. Валаклiся здалёку й зблiзку сасмаглыя, адчынялi парэпаныя вусны, каб ад жыватворчай крынiцы перасохлы арганiзм асьвяжыць. Iшлi калекi са сваiмi ранамi, бо верылi, што прыйшла пара гаеньня. I адно сьветлае й шматабяцальнае бачылi. Гэта - унiзе, пад нагамi. Бо мала хто ў дзень гэны на сонца вочы падняў.

Рух на гасьцiнцы парадзеў, магутны хрыбет перапоўз у Гацi, Глыбокае цi мо далей. Ля гасьцiнцу лiпелi яшчэ самыя заўзятыя разявякi, што на бурчэньне жыватоў не зважалi. Людзi-ж таўклiлся цяпер на вясковай вулiцы. Ля старэйшага Пятуха клецi найбольшая грамада сабралася. Разьвязаўся мех: горача спрачалiся й многа курылi. Уцёкi Антося Дзеркача на заднi плян адыйшлi. Намагалiся ўстанавiць, як далёка "бальшавiкi" пойдуць, цi немцаў назад папхнуць. Мала хто разважаў цьвяроза, бо бальшыню ў палоне трымала гэта магутнае слова - вызваленьне. Яно прынесьцi мела зямлю й волю.

Па маёнтках i асадах дрыжэлi ў перапалоху чужыя паны, асаднiкi й службоўцы. Абухам аглушыла iх чырвонае "вызваленьне". Шматлiкiя спрабавалi ўцякаць, але палавiлi iх на дарогах. Iншыя-ж рукi на сябе налажылi. Дый куды-ж ўцякаць, калi ня хочаш трапiць да тых, што за Бугам загаспадарылi?

Ля Макатунiшынай хаты сабралася група людзей. У хаце - прыглушаныя ўсхлiпы. Як ачмураная, лындала па каморы, цягала носам Алена. Юшкевiчава Клава, каторую Дуня папрасiла дзетак забавiць, старалася малых спатолiць. Зьбянтэжаныя нештодзённай зьявай, дзеткi замiналi пад рукамi, голасна плакаў Парасчын сынок.

Напокуцi дзяругамi завесiлi пол. Жанчыны мылi й прыбiралi нябожчыцу. Загадвала Пiлiпава Аксеня. У печы грэлi ваду. Дуня пайшла наказаць дзядзьку Андрэю й цётцы Тацьцяне. Рупiла ей пабачыцца зь Верачкай. Старая-ж Макатунiха, стомленая ўчарашняй бяссоньнiцай, сьпяшыла рэдка ходжанымi сьцежкамi ў далёкую вёску, каб папрасiць на паховiны сьвятара. Куды блiжэй было ў Дубовiчы, але сьвежымi яшчэ былi ў памяцi выпадкi з паховiнаў Пракопавай Алены. Слабодзкi-ж сьвятар бедным людзям пасабляў, супрацьлежнасьцю маскаля Абухава людзi яго ўважалi. Макатунiха меркавала, што калi зусiм задарма не паслужыць, дык пэўне-ж i на апошнюю скарынку хлеба не паквапiцца. Сьлёзы сьляпiлi жанчыне вочы, замiналi на сьцежку глядзець.

На дварэ Шпунтовага бацькi марудна, часта зяваючы, гаманiлi ўчарашнiя падпольнiкi. Гаспадарка на схiле Гараваткi ляжала. Адсюль, як на даланi, вiдаць быў гацкi гасьцiнец i вёска Лiтоўцы. Дзяцюкi ператрасалi пытаньне паховiнаў Макатунiшкi. Наадрэз адмовiўся памагаць Лявон. Прычыну меў добрую: вёска бачыла яго коранем шматлiкiх Макатунiшыных утрапеньняў, Пакажыся тут лiтоўскiм на вочы. Франт-фанабэра надта любiў гэроям выстаўляцца, а гэтта ў кажнай амаль пары сялянскiх вачэй дакор спаткаеш. Аднекваўся й Павалiцкi Хвёдар. Ужо каторы раз паўтараў, што ён гэтта адно з боку-прыпёку. Жыў разам з бацькам-чыгуначнiкам у казённай хаце ля чыгункi ля самых Павалiч, што ляжалi на ўсход ад Лiтоўцаў.