Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 19

К Акула

Гаварыла пра цяжкi лёс беларускiх сялянаў, пра зьдзекi й эксплёатацыю з боку паноў, пра посьнiцу й голад, пра зямлю - iхную зямлю - каторую зрабавалi паны памешчыкi й асаднiкi, пра родныя школы зь беларускай мовай навучаньня, каторых iм ня далi, пра страшны глум. I гэта новая магутная сiла паведамляла, што з прыходам Чырвонае Армii прыйшоў нарэшце й доўгачаканы канец пакутаў iхных.

Ад гэтага памятнага дня ўсё мае паправiцца, бо ўзыйшло й зазьзяла на ўсходзе залатое сонейка шчасьлiвага заўтра. Жыватворчымi праменьнямi сагрэе i ўмацуе яно зьняможаны арганiзм рабочых i сялян. Слаўце й багаславiце дзень 17-га верасьня - дзень вашага вызваленьня. Збылiся вашы адвечныя мары. Стаiцё на парозе шчасьлiвае будучынi. Ад гэтага часу будзеце мець i зямлю, i волю, i будзеце гаспадарамi свайго лёсу.

Пракоп скончыў чытаць. Усе задумалiся. У спрацаванай, парэпанай руцэ трымаў лiстоўку. Рука, што да гнаявых вiлаў, поручняў плуга, касы й цэпу прывыкла, што ў зьнямозе сьцiснулася ў тую жахлiвую нядзелю, калi басяк Бжончэк у Гаравацкай пушчы Алену забiў, гэта рука цяпер крукам, нязграбна трымала ськiнутую з чужога самалёта паперку.

Рэха прыляцела з далёкай чужой краiны, адкуль калiсьцi ў вагнi рэвалюцыi давялося ўцякаць. I гэта чужая й блiжэй няведамая сiла прамаўляла "нашай" мовай. Што-ж гэта за загадка такая? Надта-ж марудна працавалi цяжкiя да ўзруху сялянскiя мазгi. За плугам, касой, сярпом, цэпам навучыўся чалавек адрозьнiваць сяброў ад ворагаў, па розных прыметах прыроды - угадваць пагоду. Навокал было канкрэтнае, матар'яльнае, намацанае. Навет шчасьце й гора, весялосьць i сум канкрэтнымi зьявамi былi: гэтта ўсьмешка, а там сьлёзы. Бяз хiтрыкаў, казаў той, жылося. Прырода - прыяцель i вораг канкрэтнымi вобразамi прамаўляла. I нiдзе ў гэтым простым няхiтрым жыцьцi моднага й крывадушнага, здавалася, ня было. Чалавек мог выцягнуць руку, памацаць, дый ведаў дзе сябра, а дзе вораг твой.

У пана пры касьбе, малацьбе, цi жнiве потам вочы залiвала. I тая залатоўка мiзэрная, што так нясьмела й сiратлiва ў зрэбнай сялянскай кiшэнi тулiлася, сваей мовай да сэрца прамаўляла. Ведаў, што ашукалi яго, паразiты. Ды за сваё, заробленае, патрабавалi яшчэ каб прасiў, розныя "пеленгнаваныя" рукi цалаваў: будзь ласкавы, паночак, заплацi. Рабiў-жа вунь, вочы на лоб лезьлi.

Iншы сьвет - свае сермяжнiкi. У бальшынi - простыя, сумленныя людзi. Колькi зь iх зубы на палiцы трымала. Ды ў выпадку патрэбы ня людзi зь мяккiмi рукамi, а гэтыя гаротнiкi стануць. Як у гэну нешчасьлiвую нядзелю, цi панядзелак. Забылася пра яго ўлада сьвецкая й царкоўная, сьцяной збоку станула цэлая вёска. Свая кашуля блiзка цела свайго.

Калi зьявiцца ў хату якi ўраднiк, цi абмаскалены царкоўнiк, так i ведай, што па апошняе прыйшоў. Калi-ж "пахвалёны" ля парогу ад сярмяжнiка пачуеш, ведай - сябра ў хаце. I цi нi тая галiта, чужое ярмо паставiла цябе побач зь iм найблiжэй да Бога.

А гэтта што за дзiвы-дзiвосы? Наехалi Бог ведае адкуль, зь неба паперкi кiдаюць, горы залатыя адразу абяцаюць. Што сiла, ну дык сiла! Фанабэрыстыя польскiя паўшабэлкi адно "шабэлькамi" памахвалi, а гэтыя дык тых у тысячу разоў пераплюнулi. Але цi-ж гэта яны сюды табе што даваць прыйшлi? Дагэтуль-жа так было, што як каторага чужнiка сюды чорт прыгнаў, дык паразiт рабаваў, на народным целе тучнеў. А гэтыя i зямлю, i волю даваць маняцца. Эгэ! I на паперцы гэнай пад самым нiзам нейкi Молатаў, старшыня нейкага "саўнаркому" падпiсаўся.