Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 18

К Акула

Дзесь з-за Гараваткi даляцеў да вушэй iхных зусiм iншы гул. Янук першы падняў на неба вочы. Натупырыўся й Тапсiк. Зусiм нiзка з-за сугра выплыў вялiкi, з чырвонымi зоркамi на крыльлях, самалёт. Ужо пралятаючы над самай вёскай, пачуўся лёгкi стрэл. З жывата ягонага, як мак, пасыпалася нешта дробнае.

- Тата, тата! - усхапiўся Янук, - iраплан нешта кiнуў! Вiдзiш вунь? Гляньце, гляньце!

- Чаму-ж ня вiджу? Паперкi нейкiя.

Янук, Мiкола й Надзя пагналiся за паперкамi. Нiкуды ня трэба было бегчы. Паперкi асядалi на стрэхах, падалi на вулiцу.

Захарукоў Пятро, калупаючы ў носе, паволi шкандыбаў у гэты бок з другога канца вёскi. Спынiўся, лыпнуў вачмi, спасьцярогшы "манну зь неба". Лавiў i камшыў паперкi ў карэлай руцэ.

Ад бальшака пачуўся грукат каляскi. Спанукаючы гнядога, сьпяшыў на гасьцiнец Захарук, каб забраць труп Макатунiшкi. Людзi адыйшлiся на бок, каб даць яму дарогу. Алесь стрымаў Захарука рухам рукi.

- Гэта ты па пакойнiцу? - спытаў.

- Ага, папрасiла-ж старая.

- А хто-ж гэта пахаваць? Сама Макатунiха рады нi дасьць.

Лейцамi стрымлiваў Захарук нецярплiвага конiка, што ёмка сьцёбаў хвастом па баках.

- Дык брат-жа ў яе ёсьць. А гэтыя во гяроi што, нi памогуць?

- Ты думаеш пра нашых камунiстаў?

- Ну а каго-ж... За iх-жа дзяўчына галавой налажыла. Дый мы-ж нi калекi. Трэба бабе памагчы.

Афiшкi, ськiнутыя з самалёту, усё яшчэ падалi. Захарук узяў адну, што трапiла на воз, ды разглядаў яе.

- Вы гляньце, а гэта што?

- Нешта можа цiкавае. трэба во пачытаць, - сказаў Пракоп.

- Ну, братцы, нiма мне часу. Тамака ждалi й пiраждалi мяне. Як прачытаеце, раскажаце. Дый заглянiце там пасьля да Макатуноў.

Захарук зiрнуў на сына, што стаяў побач, памкнуўся нешта сказаць, ды ёмка сьвiснуў кароценькай пугай i гняды раптоўна тузануў зь месца. У доктаравым дварэ стаялi дзьве хурманкi. Праз адчыненыя вароты й доктарава поле накiраваўся Захарук на гасьцiнец.

- Ну дык, Пракоп, ты найболi з нас паруску граматны. Прачытай што тут пiшуць, - спанукаў Алесь.

Кажны трымаў прынамсi па аднэй афiшцы ў руцэ, але цяпер усе пазiралi на Пракопа.

- Даўно-ж i я, братцы, паруску чытаў, - тлумачыў Бахмач, разглядаючы афiшку. - Чакайце, алi-ж гэта нi паруску, а панашаму, значыцца пабiларуску, яй Богу! - зьдзiвiўся Пракоп.

- Ну дык яшчо лепi, - узрадавалася Кацярына, - чытай ужо, нi марудзь.

"Браты Беларусы! - пачаў Пракоп, - Надыйшоў сьветлы доўгачаканны дзень вашага вызваленьня. Сёньня вялiкi савецкi народ падаў вам братнюю руку дапамогi. Наша слаўная Рабоча-Сялянская Чырвоная Армiя перайшла ўсходнiя межы панскай Польшчы, каб вызвалiць вас ад белапольскага панскага прыгнёту..."

Пад гул савецкiх танкаў з гасьцiнцу й гамонку навакольнай прыроды часта запiнаўся дый зноў набiраў моцы Пракопаў бас. I гэна аграмадная новая сiла, што ўскалыхнула дрэмлючыя беларускiя лясы й нiвы, патокам магутнае зброi хлынула ў марудна-гаротнае сялянскае жыцьцё, цяпер вось праз гэтыя чорныя лiтары прамаўляла Пракопавым басам.