Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 173

К Акула

I Жыд гэты плявузгае, як шарманка накручаная. Лухта. Панскай зямлёй надзялiлi: наце, налятайце, цешцеся. Людзi аджылi, узмужнелi, некаторыя навет радасьць песьнi прыгадалi. Аж пакуль увесь плён цяжкое працы гэнай ненажэрнай дзяржаве ўвавулiць загадалi. I вядзе далей уява: Косьцiк перад пабiтай iконай, прыгнечаны Сявенька-Амэрыканец, Захарук перад "прэмiяй" на стале, зьбiты бацька зь Перасечана, нямоглае жарабя, барадаты бязбожнiк у школе й чамусьцi Якаўлеў са сваей цудоўнай беларускай мовай...

Як тут разабрацца? На якую мерку мерыць? Моташна, дыханьне забiрае. Трэба выйсьцi. Няхай там ззаду чмель гудзе. Янук працiснуўся да дзьвярэй.

- А сiчас, пасьля дакладу таварыша Цiмермана, цi ёсьць якiя вапросы? устаў Сабакевiч.

Людзi пазiралi адзiн на аднаго, пазяхалi. Падняўся Захарук.

- Вы, дзядзька, маеце якi вапрос? - спытаў Косьцiк.

Захарук стаяў з краю, ля самага праходу. Быццам наўмысна марудзячы, ён кiнуў недакурак самакруткi пад ногi, плюнуў на яго й растаптаў лапцем, азiрнуўся на бакi. Правы рыжы вус вiсеў нiжй левага й гэта давала Захаруку шорсткi выгляд.

- Чаму-ж не, казаў той, каб ня меў...

Уласьнiк бадзёрага гнядога конiка, ударнiк, узнагароджаны за вываз лесу зь Перасечана азiрнуўся па бакох, падкруцiў правы вус уверх.

- Гэта-ж я хацеў пра каня спытаць, калi сам ты, цi гэты таварышч што можыць сказаць... Дык я хачу ведаць як гэта ў калхозя бiз свайго каня быць? Конi-ж заберуць, цi не?

Косьцiк вагаўся, пазiраў на Цiмермана.

- Конi ў калгасе належаць калгасьнiкам. Значыцца, калi вы ў калгасе, дык яны й да вас належаць, - упэўнена адказаў Цiмерман.

Усе Лiтоўцы ведалi Захаруковы конскiя iнтарэсы. Некаторыя яго цыганом называлi. У iншых, здавалася, лепшае масьцi конi вадзiлiся. Дзядзька-ж Захарук на конi, мусiць, спецыяльныя рукi меў. Глядзiш, здаецца, нядошлага якога прыдбаў. Калi-ж паходзiць ля яго, дагледзiць, дык той першаму й дзясятаму ня ўступiць.

- Значыцца тады, як вы, таварышч, кажаце, калi кахозныя конi нашы, дык тады можна каторага запрэгчы калi захочаш? - паправiў цяпер ужо левы вус Захарук.

Цiмерман устаў.

- Як гэта запрэгчы? Паясьнiце.

- Ну значыцца, надта проста: калi каторы мне на што трэба дык пашоў i запрог, - бойка адказаў Захарук. Рука ягоная палезла ў правую кiшэню вынашанага кажушка, дастала адтуль скураны капшук. Захарук паволi адвязаў матузок, выцягнуў зложаную газэту, ды пачаў адрываць кавалак на самакрутку. Цэлы час Цiмермана з вока ня спускаў.