Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 172

К Акула

Косьцiкавы й Лявонавы вiзыты й нагаворы па хатах сабралi ў школьную залю амаль усю вёску, навет дзеда Якуба нейкiм чынам падлабунiлi. Цяпер-жа стары, зморшчаны чашчавiк драмаў пад чмялiнае бубненьне агiтатара Цiмермана. Галава дзедава хiлiлася набок i адно сын Васiль, збоку седзячы, лагодным штуршком вяртаў бацьку на тэрыторыю ўрачыстага сходу.

- Такiм чынам паказчыкi сельскай гаспадаркi дзяржавы, - гаварыў Цiмерман, - даказалi перавагу калгаснай сiстэмы над прыватнай сiстэмай, ды вялiкую мудрасьць генiяльнага таварышча Сталiна.

Янук зьявiўся неўзабаве пасьля пачатку. Як вялiзная гара, вушак уваходных дзьвярэй падпёр Любiн дзевер Мiхалюк. Нясло ад яго потам, гноем i карашкамi. Кастлявая рука нязграбна трымала "казiную ножку", сьлiнькаватыя вусны смакталi цыбук i роўнымi кружкамi пускалi сiнi дымок. Мiхалюк пазiраў то пераз плячо ў сенi, то ў залю, быццам на старожы стаяў.

- Процiў мерапрыемстваў пяцiгодкi, калi пад рукаводзтвам таварышча Сталiна й роднай камунiстычнай партыi наша сацыялiстычная краiна ступiла на парог сьветлай будучынi, выступiла чорная рэакцыя, значыцца недабiтая буржуазная дробязь, рэлiгiйныя мракабесы, кулакi й падкулачнiкi, усякая другая контра. Працэс калектывiзацыi, такiм дзелам, меў масу прэ... перашкодаў.

Пры сьцяне, мiж жанчын сядзела Вульляна. Хусьцiнка на лоб апаўзла, безнадзейнасьць вызiрала з апалых глыбака ў паморшчаны твар вачэй. Так i не вярнулi сыноў-галубкоў ейных. Ягодка-Аўдоля трымала стратэгiчную пазыцыю ля вакна з правага боку побач шырокай i грудзiстай Брунiськавай Мальвiны. Пасьля таго няўдалага падарку крамлёўскiм валадаром i вiзыты ў гацкiм НКВД не ўляглiся яшчэ нелады з Аксеняй. Шаўцова шчабятуха цяпер свайго Пiлiпа трымалася.

- Але наша родная камунiстычная партыя, на чале зь вялiкiм правадыром працоўных усяго мiра таварышчам Сталiнам, наперад разаблачыла гнюсныя планы ворагаў сацыялiстычнага сельскагаспадарчага будаўнiцтва й разьбiла iх у пух i прах! Адтуль пачалося пераможнае шэсьце калгаснай сiстэмы...

Пазiраючы на Цiмермана, шапталiся й хiхiкалi Дуня з Клавай. Прыгнечаны, змораны, быццам яго хто з крыжа зьняў, лiпеў ля Пракопа стары Сявенька. Асунуўся апошнiмi часамi. Вандравала па вёсцы плётка, быццам Косьцiк цяпер зь Сявеньчыхай сьпiць i старога на ўвагу не бярэ.

Цiмерман, мусiць, ня быў вайсковым, бо зьявiўся ўшэрым цывiльным адзеньнi. Калi яму й жылося сытна й добра, дык па вопратцы не згадаеш. Была шэрая яна, як цяпер ўсё шэрым сталася.

Глядзячы на сумныя твары, Янук блудзiў уяўленьнем, разважаў. Што гэтта найбольш вочы й вушы рэзала? З аднаго боку цякла душаная мова бальшавiцкага прапагандысты, з другога - людзi з такiм прыгнечаным выглядам, быццам iх хто на могiльнiк меў зараз валачы.

Усплылi ва ўяве вобразы "герояў" зь "Лiнii Манергейма", фiльму, што кагадзе ў лiпавiцкай пунi бачыў. Як-жа ёмка там "доблiсная" Фiнаў лупцавала, пакуль да Выбаргу дабралася! "Гнюсныя Фiны" прост-напраст бяз портак ад "няпераможнай" джгалi. А як запраўды было?

Тыя, што былi на гэнай вайне й каторым удалося дахаты вярнуцца, апавядалi шэптам, пераз плячо аглядаючыся, ды з жахам у голасе. Так упсяюрылi Фiны "непабядзiмай", што й самому ледзянавокаму крамлёўскаму дыктатару сон з павекаў сагнала. Жарцiкi табе! Жменечка тых Фiнаў, а так засупонiлi! Насамперш усю афiцэрню бальшавiцкую, што на белым сьнезе ў чорнай вопратцы, як на паказ, ваявала, Фiны кулямi пералiчылi. Пасьля-ж "пушачным мясам" паласавацца захацелi. А ў гэным фiльме такiя яны, браце, героюшкi, што аж тая бравая "гармошка" з захапленьня не ўтаймуецца. Басота нячыстая, галеча бязбожная! Як у Сьвятым Эвангельлi сказана: з бруднай крынiцы адно бруднае пацячэ...