Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 150

К Акула

У Бахмачовай хаце на зэдлiку напокуцi пад абразамi разьмясьцiлася малая ялiнка. Яшчэ перад полуднем прынёс яе, хлесткую й сьвежа-пахучую прыгажуню з Гаравацкай пушчы Янук. Прыладзiў на крыжы-падстаўцы, адсунуў з кута стол, паставiў на зэдлiку й аздобiў тымi папяровымi, у бальшынi самаробнымi анёлкамi й ланцугамi, дзедам Марозам ды зоркамi, што захавалiся ў скрынi на гарышчы зь леташнiх Каляд. Ня было сёлета анi матар'ялу, анi часу майстраваць новыя аздобы. Ялiнка адтаяла й ажыла прыемна казычачым нос пахам. Пад вечар пах гэты дапоўнiўся араматам сьвежага балотнага сена, якiм заслалi стол ды розных страваў, што запрашальна-прывабна разьмясьцiлiся на абшырным абрусе, некалi дбайна вытканым i прыгожымi ўзорамi вышытымi рукамi нябожчыцы Алены.

Пасярод на самым пачэсным месцы, у невялiкай глiнянай мiсцы, згатаваная зь ячных крупаў, прыпраўленая тоўчаным макам i мёдам, стаяла куцьця. На талерцы, абложаная роўненькiмi скрылькамi цыбулi, залiтая семенным алеем ляжалi парэзаныя два селядцы, каторыя нейкiм дзiвам удалося Пракопу праз заднiя дзьверы выгандляваць у гацкага крамнiка. У iншых мiсках i на талерках - марынаваныя грыбы, журавiнны кiсель, вiнiгрэт, гуркi, халодная вараная бульба, хлеб, а ў гладышы - жытнi квас. Навет i посуд - талеркi, вiдэльцы й сталовыя нажы, - трымалi недзе ў скрынi i ўжывалi адно на вялiкiя сьвяты. Сьвяточны стол выглядаў-бы куды больш сьцiплым, калi-б не парады й помач Алесявых Надзi й Кацярыны. Нi сам Пракоп, нi Мiкола надта не ладзiлi з тонкасьцямi харчовага рыхтаваньня.

- Тата, а як са сьвятлом будзiць? - пытаўся бацьку Янук.

Пракоп апранаўся ў сьвяточнае. Ён падумаў.

- Зьбегай, сынок, у сьвiран i там з куфра дастань сьвечку, знаiш з тых, што са свайго воску рабiлi.

Янук скрыпнуў дзьвярмi. Неўзабаве ў медзяным падсьвечнiку, побач куцьцi вясёлым полымем згарэлася высокая, таўставатая сьвечка.

- Запалi таксам на покуцi лямпадку, - загадаў бацька.

Скончыўшы падрыхтовы, урачыста й паволi, як i належыцца ў сьвяты вечар, селi за стол Бахмачы. Пракоп зiрнуў на месца, дзе ранейшымi гадамi сядзела ягоная жыцьцёвая спадарожнiца.

- Перш памолiмся, - сказаў бацька.

Усе ўсталi, тварамi да абразоў, перахрысьцiлiся.

- Госпадзi, Божа наш, адзiн Уладар, што на небе й на зямлi, - пачаў роўным i пакорлiвым голасам бацька, - вялiкi ёсьць дзень прыходу да нас Сына Твайго Мiлага, Адзiнароднага, каторага зь вялiкай ласкi Тваей i мiласьцi да нас паслаў Ты, каб Ён навучаў нас, цярпеў за нас, паказаў нам дарогу як збавiцца грахоў. Увасобiўся Твой улюблёны Сын у цела чалавечае, нарадзiўшыся ад Дзевы Марыi ў гэту ноч у Вiфлiеме... I вялiкая Твая ласка й любоў да нас, Госпадзi Божа, калi Ты, сатварыўшы нас на вобраз свой, выправiў Сына свайго Iсуса на зямлю, катораму даручыў паказаць нам Твае законы, каб мы, малыя й грэшныя з дарогi ня зьбiлiся. I Сын Твой, Божа наш, нi прыйшоў да нас у багацьцi вялiкiм, а як бедны сярод найбяднейшых.

- Дзiва нiма, Ацец Нябесны, што калi людзi пазналi Вiфлiемскае Дзiцятка, што гэта той, пра каторага ад пачатку гаварылi прарокi, на зямлi вялiкая радасьць настала. Яшчо Ты, Госпадзi, паслаў зорку Вiфлiемскую, каб паказала дарогу тым, што народжанаму Сыну Твайму хацелi пакланiцца, а анёлам загадаў песьнямi прыход Бога на зямлю славiць. Мы, вялiкiя грэшнiкi, што можа нiдастойныя вялiкай ласкi Тваей. У гэты вечар пакланяемся Табе ў васобе Сына Твайго нованароджанага, будзем славiць Яго разам з анёламi Тваiмi й прасiць у Цябе, Божа наш, памiлаваць нас грэшных, памагчы нам у цяжкiм жыцьцi кажны дзень... Памiлуй нас, Госпадзi, Божа наш, памiлуй, Хрыстос нарадзiўся, славiм Яго, - хрысьцiлiся Бахмачы.