Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 149

К Акула

- Памажы, Божа! - прывiтаўся Пракоп.

Зянькевiч зiрнуў на суседа.

- Дзякую, - адказаў.

Засунуўшы плашкi-далонi ў "жандовыя" галiфэ, Мiхалюк прыглядаўся полымю, а Ўладзiк разьмяркоўваў пукi саломы.

- Як-жа гэта ўдалося табе? - пытаўся Пракоп.

- Ты пра што гэта? - зiрнуў на яго доктар.

- Пра заяўку. Калi пазволiлi, пытаюся.

Ужо разьвiднелася. Казлы былi прыладжаныя ў агародзе за хлевам. Дым ад саломы спорнымi клубкамi ляцеў проста ўверх, а пах сьвежага, падсмаленага сала прыемна казытаў нос.

- Нi ждаў, - коратка адказаў Зянькевiч. - Прайшло болi як дзьве нядзелi як злажыў заяўку, а яны там мiтрэнжацца бiзь нiякага адказу. От плюнуў ды, думаю, паспрабую. Пагляджу, што з гэтага будзiць.

- Гэтак яно? - зьдзiвiўся Пракоп. - Ну а я-ж думаў, думаў, ды пабаяўся.

- Знаiш што, Пракопка? Падумаўшы так цьвярозым мужыцкiм розумам дык яно выглядаiцль гэтак: ты гадаваў, кармiў, даглядаў, а нейкага там начальнiка ласкi прасi, рукi яму можа цалуй, каб пазволiў табе сваё ды ў свой рот улажыць. Я ўжо думаю сабе, што калi адразу прычэпяцца, дык унь нiхай другога забiраюць. Ну нi так?

Пакуль парсюка Зянькевiч асмалiў, прыходзiлi й iншыя за язык яго пацягнуць i ўжо сярэднiм ранкам цэлая вёска ведала пра доктараў учынак. Улада ў асобе старшынi камбеду прышкандыбала даволi пазнавата.

- Дык от, таварыш Зянькевiч, ты закалоў i абсмалiў, ну я-ж мушу ў сiльсавет аб гэтым заявiць, - тлумачыў Сымон Пятух.

- Заяўляй, - сказаў цьвёрда лекар.

- А ты думаiш нi заяўлю? От сiчас-жа йду, - пагражаў той.

- Кажу-ж табе, чалавек добры, заяўляй! Ты-ж - начальнiк!

Пятух зiрнуў на маўклiвых Мiхалюка i Ўладзiка, пачмыхаў носам, завярнуўся й пайшоў.

- Ханжа карцёжная, п'янюга! - сыкнуў гаспадар, калi Сымон ужо ня мог пачуць. - Ласун на чужое, абжорся панскiм i асаднiцкiм. Чакай, дастукаешся й ты свайго, як тых двух басякоў!

З гэтымi славамi лекар узяўся абскрабаць нагар на парсюковай скуры. Наступнымi днямi пачалi на золаку ўспыхваць агнi за iншымi вясковымi хлявамi ў агародах. Iншыя авечак рэзалi. "Нарыхтоўка" мяса перанеслася i ў iншыя вёскi. Зянькевiча неўзабаве выклiкалi ў сельсавет, набарабанiлi пра адпаведныя строгiя мры кары, якой нiяк ня мiнуць яму ў блiзкай будучынi. Сельсавецкiя ўраднiкi рукамi сваiх "дзiпутатаў" пашырылi новы, яшчэ больш строгi загад, у якiм гаварылася, што без дазволу дзяржавы нельга было для свайго ўжытку забiваць нiякага "пагалоўся". Неўзабаве зьявiўся наказ пра неадкладную пастаўку мяса дзяржаве i ў лiк таго мяса трапiў другi доктараў парсюк. Як там мела быць далей, хто там ведаў. Цяпер-жа, галоўна дзякуючы доктаравай iнiцыятыве, на калядных сталах была забясьпечана скаромiна.

Паволi i ўрачыста месьцiўся ў далiне калядны вечар. Перад зьмярканьнем суняўся на Гараватцы дзiцячы гоман, лагодна млела на захадзе чырвонае зарава й пажвавела празрыстым блескам буйная Мiлавiца. Маестатычна-цiха драмаў пад расьцьвiўшымi тысячамi зорак нябесным купалам гiгант Архiп. Сьцiхла гамонка ля гумнаў i гасподаў.