Читать «Завеі» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

І папоўз я ў супрацьлеглы бок. Гадзіну поўз, напэўна, правальваючыся, вылязаючы, як дзікі звер. І чалавечага ў постаці маёй, напэўна, нічога ўжо не было. А выйсця ўсё няма. Я поўз, паклаўшы грудзі на чамадан, i ён так-сяк трымаў мяне.

Але вось i сіл не стала. Я вырашыў адпачыць. Скурчыўся, сеў, і нечакана пачалі да мяне думкі розныя прыходзіць і мары. Вось я на санях пад'ехаў да брамы, развярнуў ix. Бацька выйшаў, каб распрэгчы, а я хутчэй у хату. Там з мяне ўсё сцягнулі, і я шклянку "акавітай" хапіў і на печку, а на прыпечку ўжо каўбаса на патэльні шыпець пачынае: "кр-х-л, кр-х-л-л". І жонка да мяне быццам на печ узлезла, глядзіць на мяне светлымі, добрымі вачыма i кажа:

— Вася, пацалуй мяне.

І тут як стукнула мне:

"Божа, гэта ж я замярзаю. Як замерзнуць тут, у пяці вёрстах ад жонкі?! Хто ж мне тады такое скажа?"

І я, сцяўшы зубы, пачаў выбірацца. Не памятаю, колькі я лез, але нарэшце пабачыў верх гліністай сцяны, i хутка рукі мае напаткалі змаршчакаватую кару старой таполі. І зразумеў я, што iшoў па правым баку, бо там толькі адзін яр: якраз у пачатку яго старая таполя расце, не пушчае яр выбіцца на дарогу. Старая-старая таполя. Я яшчэ тут упершыню жонку пацалаваў. І да вёскі нашае адсюль кіламетр які.

А завіруха раве, лютуе, плача — амаль нічога не бачна, ног cвaix не бачу. Лапнуў я ў кішэні — няма компаса. Я яго, напэўна, у яры згубіў. I, дурны такі, не жыцця мне стала шкода, а той пайкі махры, якую гэты мардаты Сідар замест мяне скурыў.

Ледзь не заплакаў я, але прыпомніў напрамак ветру і на нагах, якія не гнуліся, пайшоў у тым кірунку, дзе павінна быць вёска.

Апошнія паўкіламетра да нашай хаты, другой яна была, — я не ішоў, а поўз i амаль зваліўся з высокай гурбы да самых дзвярэй бацькоўскай хаты. Шчасце, што расчышчалі, а іначай замёрз бы я, лежачы на роднай страсе, — сіл не было. І нават грукаць не магу, так закалелі pyкi. Біў я ў дзверы — можа, каму смешна — галавою.

— Хто там? — чую голас маці.

— Я.

Не пазнае, не хоча адчыняць.

— Мама! Гэта ж я, — сказаў я i заплакаў. Крыўдна мне стала: не пазнала родная маці.

— Чакай. Чакай. Сыночак. Сыно-очак.

Адчыніла. Я ўваліўся, увесь цалкам белы. І з чамаданам у руцэ. Калі яна выплакалася на плячы, сказала:

— А да нас тэлеграму нейкую толькі што прынеслі. З сельсавета. Ледзь дайшлі. Сельсавет ад нас метраў дзвесце.

— А што ў ёй?

— Не ведаю. Леначка твая спіць. А я… не магу чытаць.

Але я зразумеў ужо, якая тэлеграма. Нават чытаць не стаў. Дастала мяне яна, бо бегла па дроце, а не паўзла, як я. Што ж зробіш?

Я пайшоў у суседні пакой. І такая злосць мяне ўзяла, што ўзняў я жонку за скроні, захапіўшы іx халоднымі лапамі.

— Што, не прыехаў? Не верыла? Вось ён, я.

Адчыніла яна вочы, i такое ў ix плесканулася, што знікла некуды мая злосць.

— Вася, любы!