Читать «Завеі» онлайн - страница 2

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

"Дарагі ты мой Вася! Нават калі i адпусцяць дні на тры — не прыязджай, бо зіма сам ведаеш якая. У нас увесь час завеі, на станцыю ніхто ані нагою, вёску ўсю да стрэх замяло, i нават я з фермы амаль не іду, бо дахаты не заўжды дабярэшся. Проста не зможаш ты за тры дні дабрацца. Не пакутуй толькі. Я часта думаю, якая я дурная была, што не хацела icцi за цябе. Цяпер нас ніхто не разлучыць, бо я многа зразумела i часта начамі не сплю, а каб здрадзіць табе, дык пра гэта i не думай. Але не прыязджай, хоць я тысячу разоў цалую цябе ў твае вусны…"

I гэтак далей на трох старонках. Дурная, думаю, вядома, у мае вусны цалуеш, у чые ж яшчэ. Паспрабавала б яшчэ цалаваць камусь — я б тады ўсю вёску дагары нагамі перавярнуў.

I разабрала мяне злосць. Як гэта я "не прыязджай", як гэта не "дабяруся". Адпусцілі б толькі.

І пайшоў да камандзіра роты, бо ўстава не ведаў, а, праўдзівей, таму, што ўзводны наш быў чалавек чэрствы. Усё яму расказаў. Той павагаўся трохі, а потым зрабіў злачынства па службе. Кажа:

— Дабярэшся за тры днi?

— Трэба паспрабаваць, — кажу.

— Д-добра, душа цёмная. Сам гэта ведаю, давай адрас. Бачыш, яшчэ не адпраўляюць нас, але кожную гадзіну могуць адправіць. Дык вось паязджай, хутчэй толькі паязджай. А я табе тэлеграму дам, i ты абяцай, што па першай тэлеграме выедзеш i нас дагоніш, каб на месца мы з табою ўжо прыехалі. Згода?

— Згода, — кажу цвёрда. — Дзякуй вам. Я вас не падвяду.

І паехаў я. А зiмa была ў той год сапраўды такая, што людзі па хатах сядзелі, цягнікі на суткі спазняліся па прычыне завеяў i хаты заносіла да самых стрэх.

Паехаў я. Узяў з сабою чамадан з падарункамі i паехаў. На восем гадзін спыніўся мой цягнік, i выйшаў я на станцыі Вальшанцы надвячоркам, гадзін у шэсць вечара. Выйшаў — i як у малако трапіў, нічога не бачна на крок ад сябе. Прыйшоў на вакзал, а там на мяне як на вар'ята глядзяць. Кум мой, Сцяпан, кажа:

— Здурэў, браце. Hixтo на тваю Андрэеўшчыну ўжо тры дні не ездзіў, якраз пошту тады прывезлі. Паштар i зараз тут начуе, назад дарогі не было. I да гэтага дні чатыры не ездзілі. Сцягвай шынель, кладзіся, cпi, можа, заўтра лепей будзе. Я такой завipyxi за пяцьдзесят год жыцця не бачыў.

— Эге, — кажу, — спецыяльна я ехаў сюды, каб з вамi тут начаваць, радасць якая! Дурны я, ці што?

— Відаць, што дурны.

Выцягнуў я тады з чамадана компас (выменяў яго за пайку махры — добры компас, фінскі, — а я паляўнічы, мне патрэбна), паклаў у Сцяпана ўсё непатрэбнае i пайшоў. Ён мяне паспрабаваў затрымаць, але я вырваўся, ён слабейшы за мяне.

Пакуль ішоў станцыяй, было даволі добра. У зацішку за хатамі дарога хоць трошкі прабітая. А пасля, адразу за мастом, ударыў мяне вецер, панёс. Лятуць з неба белыя пчолы, круцяцца, падаюць на зямлю. Добра хоць, што завіруха тpoxі сціхнула, і гэта ўжо проста вялікі снегапад з рэзкім ветрам, i можна што-небудзь заўважыць наперадзе.

Iду па тэлеграфных слупах, а часам, калі з гэтага месца снег задзьмухала, бачу апалены палын на мяжы, быльнёг i рэдкія лазіны. Горача мне стала хутка, бо снег добра, калі вышэй калена. Адмахаў вёрст пяць, калі пачало цямнець. Спачатку снег стаў фіялетавым, пасля сінім, потым проста белым, i амаль не адрозніш, дзе сумёт, а дзе яма… Плыву па гурбах, як карабель па хвалях. Цяжка стала. Сеў. Паглытаў трохі снегу, хоць ведаю — нельга.