Читать «Ён (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Мопассан Ги Де

Доўга я гэтак блукаў, пакуль недзе апоўначы не прывалокся дадому. Я быў зусiм спакойны, але вельмi стомлены. Кансьержка, якая звычайна кладзецца а адзiнаццатай, адчынiла мне адразу, насуперак сваёй звычцы, i я падумаў: "Напэўна, хтосьцi толькi што зайшоў".

Калi я выходжу з дому, дык заўсёды замыкаю дзверы на два абароты ключа. Але гэтым разам я проста пацягнуў за ручку - i дзверы адчынiлiся. Гэта мяне ўразiла. Я падумаў: можа, мне ўвечары прынеслi лiсты.

Я ўвайшоў. Агонь яшчэ гарэў i нават трошкi асвятляў кватэру. Я ўзяў свечку i пайшоў запалiць яе ад агню, але раптам паглядзеў проста перад сабой i заўважыў, што нехта сядзiць у маiм фатэлi спiнай да мяне i грэе ногi каля агню.

Я не спалохаўся, о, не, анi кропелькi. У галаву мне прыйшла зусiм верагодная здагадка: да мяне прыйшоў нехта з сяброў. Кансьержка, якую я папярэдзiў, калi выходзiў з дому, сказала яму, што я хутка вярнуся, i дала ключы. Я iмгненна згадаў усе дэталi майго прыходу: калi я пацягнуў за ручку, дзверы адчынiлiся.

Мой сябар - я бачыў толькi яго валасы - заснуў каля агню, чакаючы мяне, i я падышоў, каб яго пабудзiць. Я выразна яго бачыў: правая рука вiсела, адна нага была закiнутая на другую, галава трохi схiлiлася ўлева - было добра вiдаць, што ён спiць. Я падумаў: "Хто ж гэта?" У пакоi ўсё ж было даволi цёмна. Я выцягнуў руку, каб дакрануцца да яго пляча!..

Рука натрапiла на драўляную спiнку фатэля. Там нiкога не было. Фатэль быў пусты!

Якi гэта быў удар!

Спачатку я адступiў, нiбы перад страшнай небяспекай.

Пасля я азiрнуўся, адчуваючы, што нехта стаiць у мяне за спiнай. Аднак непераможнае жаданне зноў паглядзець на фатэль прымусiла мяне павярнуцца. Я стаяў, задыхаючыся ад страху, настолькi ашалелы, што страцiў здольнасць разважаць. Я ледзь не падаў.

Але ўсё ж я чалавек вытрыманы, спакойны, i таму розум хутка вярнуўся да мяне. Я падумаў: "У мяне была галюцынацыя, вось i ўсё". Я пачаў разважаць. У гэткiя хвiлiны розум працуе асаблiва хутка.

У мяне была галюцынацыя - гэта бясспрэчна. Аднак розум увесь час заставаўся светлы i працаваў дакладна i лагiчна. Што да мозгу, дык з iм усё было ў парадку. Толькi вочы памылiлiся, увялi ў зман розум. Гэта была мроя, тая, што прымушае простых людзей верыць у цуды. Гэта была памылка нерваў аптычнага апарата i нiчога болей, хiба што кроў прылiла да галавы.

Я запалiў свечку. Схiлiўшыся над полымем, заўважыў, што ўвесь дрыжу, i рэзка выпрастаўся, быццам нехта дакрануўся да мяне ззаду.

Я вельмi хваляваўся.

Я зрабiў некалькi крокаў, вымавiў уголас некалькi фраз, праспяваў пару куплетаў.

Пасля я зачынiў дзверы пакоя на два абароты i трошкi супакоiўся. Прынамсi, нiхто ўжо болей не зойдзе. Я яшчэ раз сеў i абдумаў як мае быць гэтае здарэнне, пасля дзьмухнуў на свечку i лёг спаць.

Некалькi хвiлiн усё было добра. Я спакойна ляжаў на спiне. Пасля мне захацелася агледзець пакой, i я павярнуўся на бок.

У камiне заставалiся дзве цi тры чырвоныя галавешкi, якiя асвятлялi ножкi фатэля. I мне зноў здалося, што ў iм сядзiць чалавек.