Читать «Ён (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Мопассан Ги Де

Спачатку я адчуваю нейкi няясны неспакой, якi авалодвае маёй душой, ад якога ў мяне пачынаюць бегаць мурашкi па скуры. Я азiраюся. Нiкога! А я б хацеў нешта ўбачыць! Што? Штосьцi зразумелае. Бо я баюся толькi таму, што не разумею, чаму я баюся.

Я гавару - i баюся свайго голасу. Я iду - i баюся, што нехта невядомы хаваецца за дзвярыма, за фiранкай, у шафе, пад ложкам. I аднак я ведаю, што нiдзе нiкога няма.

Я нечакана паварочваюся, бо баюся таго, што ў мяне за спiнай, хоць там нiчога няма, i я гэта ведаю.

Я хвалююся, адчуваю, як мой страх расце, зачыняюся ў сваiм пакоi, кiдаюся ў ложак, хаваюся пад коўдрай. Скруцiўшыся ў клубочак, я з роспаччу заплюшчваю вочы i ляжу так цэлую вечнасць, думаючы толькi пра тое, што свечка засталася гарэць на начным столiку i што трэба яе патушыць. Але я баюся.

Гэта жахлiва, праўда?

Раней я нiчога гэткага не адчуваў. Я спакойна вяртаўся дадому. Я хадзiў з кута ў кут па кватэры, i нiчога не засмучала спакою маёй душы. Калi б мне тады сказалi, якая хвароба, якi неверагодны, бязглузды i жахлiвы страх мною авалодае, я б толькi пасмяяўся. Я спакойна расчыняў дзверы ў цемры, я засынаў павольна, не зачынiўшыся на засаўку, i нiколi не ўставаў сярод ночы, каб пераканацца, што ўсе дзверы ў маiм пакоi зачыненыя.

Гэта пачалося летась, i пачалося вельмi дзiўна.

Быў сыры восеньскi вечар. Калi пасля вячэры мая пакаёўка пайшла, я пачаў думаць чым заняцца. Нейкi час я хадзiў па пакоi. Я адчуваў сябе стомленым, прыгнечаным без прычыны, я не мог працаваць, нават чытаць не было сiлы. Дробны дожджык мачыў шыбы. Мне было сумна, я ўвесь быў у тым асаблiвым суме, ад якога хочацца плакаць, ад якога хочацца загаварыць хоць з кiм, абы толькi скалыхнуць застылы розум.

Мне было самотна. Мая кватэра здавалася пустой, як нiколi. Мяне ахiнула бязмежная i гнятлiвая адзiнота. Што рабiць? Я сеў. Але нейкая нервовая нецярплiвасць у нагах прымусiла мяне ўстаць, i я зноў пачаў хадзiць па пакоi. Напэўна ў мяне была гарачка, бо рукi, якiя я трымаў за спiнай, нiбы пяклi адна адну, i я звярнуў на гэта ўвагу. Пасля раптам па спiне прабеглi дрыжыкi холаду. Я падумаў, што ў пакой прасачылася сырасць з вулiцы, i вырашыў запалiць у камiне. Запалiў, першы раз за тую восень. Пасля сеў i стаў глядзець на полымя. Але неўзабаве мне апрыкрала сядзець на адным месцы. Я зноў устаў i адчуў патрэбу кудысьцi пайсцi, развеяцца, з некiм сустрэцца.

Я зайшоў да трох сяброў, але нiводнага не застаў дома. Пасля выйшаў на бульвар з надзеяй напаткаць каго-небудзь знаёмага.

Паўсюль было тужлiва. Мокрыя ходнiкi блiшчалi. Гнятлiвая цёплая вiльгаць, такая, што часам праймае да касцей, цяжкая вiльгаць неадчувальнага дажджу напаўняла паветра i нiбы стамляла святло лiхтароў.

Я цягнуўся далей, паўтараючы сам сабе: "Я ўсё роўна нiкога не спаткаю". Я зазiрнуў па некалькi разоў ва ўсе кавярнi ад Мадлен да прадмесця Пуасаньер. За столiкамi сядзелi сумныя людзi, здавалася нават, што iм не стае сiлы даесцi свае стравы.