Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 17
Сяргей Жадан
– Васьміног! – крычыць нехта з залі.
Які васьміног? – не разумее Джонсан-і-Джонсан, чаму васьміног? ён на імгненьне разгублена замаўкае, але не губляе хвалі і зноў дае нырца ў квяцістае пурпуровае казаньніцкае гаўно: правільна, ты – дзіцё божае! Усе мы дзеці божыя! Адкрыцьцё госпада ў кожным з нас (Кожнаму з вас, – уключаецца цётка, – на выхадзе дадуць брашурку і каляндарык з фота прападобнага), памятайма пра ўвагу ўсявышняга (дзякуй вам за ўвагу, усяго добрага, да наступных сустрэч на казаньнях Царквы Ісуса (аб’яднанай)), сустрэча зь якім нас чакае наперадзе! (да наступных сустрэч, – паўтараецца цётка. – Не забывайце свае рэчы, – дадае яна, – і забярыце адсюль гэтых траханых інвалідаў.)
Ах, як я іх зрабіў, – гаворыць прападобны Джонсан-і-Джонсан чуваку з адміністрацыі. Чувак глядзіць на яго закаханымі вачыма. Так, – паўтарае прападобны, – як я іх зрабіў. Толькі навошта я зноў пра васьміногаў вёрз, што са мной апошнім часам адбываецца? – пытаецца ён у чувака, – толькі-тка прыму вітаміны, як адразу пачынаю гаварыць пра васьміногаў. Нічога не магу з сабой зрабіць, – апраўдваецца ён, – мяне проста прэ ад гэтых чароўных істот. Вой, як мяне прэ, – радасна гаворыць ён і зьнікае ў грымёрнай.