Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 102

Сяргей Жадан

12.30

«Хімік», кажа мне нейкі мясцовы старажыл, партызан-падпольнік, што сядзіць на суседняй лаве, і я выходжу. Вакзалу як такога тут няма, проста пасярод лесу стаяць два павільёны – на адным напісана «Хімік», на іншым – «КАФЭ ХІМІК», трэба было напісаць «Нэскафэ хімік», думаю я і накіроўваюся да другога павільёна. У кавярні, каля высокага століку, стаіць не хто іншы, як мой сябра Карбюратар уласнай пэрсонай, амаль такі, якім я яго памятаю – у нейкіх кароткіх підарастычных шортах, у футболцы, з задумлівым мангола-татарскім тварам. Толькі ўвесь нейкі абгарэлы і кімсьці пакусаны, у прынцыпе, тут паўсюль лес, розныя маскіты, тарантулы, наагул ня ведаю – якім хімікам трэба быць, каб адправіць сюды на адпачынак сваё дзіцё, гэта ж катарга нейкая.

Карбюратар заўважае мяне, замірае на нейкі момант, а потым ягоны твар расплываецца ў шырокай хашымінаўскай усьмешцы.

– А, прыехаў, – гаворыць Карбюратар.

– Прыехаў, прыехаў.

– Ну, добра, што прыехаў, – гаворыць Карбюратар.

– А што гэта ты, Карбюратар, такі вясёлы? – трохі нэрвова кажу я, але неяк стрымліваюся, кажу сам сабе – ты што, маўляў, ты што, навошта так рэзка? – Як справы, Карбюратар? – пытаюся вясёлым голасам. Во мудак, думаю пра сябе, як у яго могуць быць справы – па-першае, у ягонага айчыма адна нага, а, па-другое, ён ужо застрэліўся.

– Ды нармальна справы, – адказвае Карбюратар і адпівае са шклянкі нейкі сьмярдзючы кампот. – А ты як даведаўся?

Оба-на, думаю, ён ужо ўсё ведае.

– Ну, – кажу, – мне твой дзядзька Робэрт сказаў.

– Сур’ёзна? – Карбюратар кусае нейкі засушаны коржык. – Цікава, а ён адкуль ведае? Ён жа мяне ніколі з гэтым не вітаў.

– З чым не вітаў? – пытаюся.

– Ну, з народзінамі, канешне.

– З чыімі народзінамі? – не разумею я.

– З маімі, канешне, – задаволена давіцца коржыкам Карбюратар.

– А, – кажу я, падумаўшы. – Ну, так, ясна.

– А дзе падарункі? – зноў цешыцца Карбюратар.

– Вось, – кажу я і аддаю яму грэлку. – Трымай.

– О, грэлка.

– Гэта ня грэлка, – кажу.

– А што ж гэта?

– Гэта сьпірт.

– О, – толькі і адказвае Карбюратар.

– Умажам? – пытаюся я і іду да цёткі за касай. – Дайце, – кажу, – мне кампоту. І коржыкаў якіх-небудзь.

– Ты адзін? – пытаецца Карбюратар, ужо калі мы зьмяшалі і выпілі.

– Яшчэ быў Вася, – кажу. – Але ён адстаў. Перадаваў табе віншаваньні.

– Ясна, – кажа Карбюратар, п’ючы сьпірт невялічкімі глыткамі. – Надоўга?

– Ня ведаю, – кажу. – Наступным, мабыць, паеду назад.

– Ты што? Ён жа будзе праз гадзіну. Мы ж так і не пасядзім. Заставайся, заўтра паедзеш. Я цябе ў намёце з піянерамі пакладу.

– Лепш зь піянеркамі, – кажу.

– На рэчку пойдзем, – ня слухае мяне Карбюратар. – Я цябе з важатымі пазнаёмлю.

– А яны нармальныя? – пытаюся.

– Нармальныя, – адказвае Карбюратар, заглытваючы сьпірт. – Нармальныя цёлкі.

– Добра, – кажу я. – Добра. З дому не чуваць нічога?

– Не, – кажа Карбюратар. – Не чуваць. І дзякуй богу.

– Чаго ж ты так?

– Ды заябалі, – гаворыць Карбюратар. – Яны калі зьяўляюцца, пастаянна пачынаюцца праблемы. Асабліва з гэтым мудаком аднаногім.