Читать «Дублi (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Владимир Шитик

Фразу прыняла сiстэма ўнутранай сувязi i перадала ў дынамiк, што быў устаноўлены ў салоне.

- Ты што-небудзь зразумеў? - павярнуўся Янка да таварыша.

- Н-не, - разгублена адказаў той. - Мусiць, робат зусiм сапсаваўся. Гэй, Ганiмед, зайдзi да нас.

Праз хвiлiну робат увайшоў у салон.

- Дзе ты бачыў скафандр? - задаў яму Барыс пытанне i напружана сачыў, як у шкляных вачах-лiнзах успыхваюць рознакаляровыя iскаркi.

Ганiмед патупаў, як чымсьцi збянтэжаны чалавек, i слова ў слова паўтарыў тое, што гаварыў раней.

- Трэба праверыць яго. - Барыс накiраваўся да робата.

- Пачакай, - спынiў яго Янка. - Ганiмед, дзе ты бачыў скафандр? зрабiў ён нацiск на слове "дзе".

Ганiмед паблiскаў вачыма-лiнзамi i сказаў каардынаты:

- Паўднёвы ўсход, трыццаць секунд ад кантрольнага мерыдыяна.

- Там, - шапнуў Барыс, адступаючы назад i пераводзячы разгублены позiрк то на Янку, то на робата.

- Не глядзi на мяне так, я i сам нiчога не разумею, - развёў рукамi Янка.

- Р-10 не разумее таксама, - праграма робата, здольная да аналiзу таго, што адбываецца навокал, спрацавала. Механiчны голас прагучаў прыглушана i, як здалося, больш раўнадушна, чым заўсёды, нiбы робат нешта ведаў i не хацеў сказаць.

Янка падышоў да Ганiмеда, адключыў яго ад знешняга асяроддзя i выклiкаў робатаў-рамонтнiкаў. Яны праверылi ўсю схему, але нiякiх адхiленняў ад нормы не знайшлi.

- Вы абодва бачылi нешта адно i тое, што палiчылi за скафандр. Але гэта, напэўна, было нешта iншае, - сказаў Янка, выслухаўшы даклад раманцёраў. - Трэба пашукаць.

- Адзiн дзень ужо страцiлi.

- Выкраiм яшчэ некалькi гадзiн.

- Дык ноч, - не здаваўся Барыс.

- Ганiмед арыентуецца ў цемры, - рашуча сказаў Янка i пачаў збiрацца.

Апрануўшыся цяплей, касманаўты выйшлi са станцыi. Мароз нiбы пабольшаў, высмактаўшы апошнюю вiльгаць з i без таго сухога i пустога паветра. Iней ляжаў вакол, як снег, ногi коўзалiся. I толькi Ганiмед iшоў быццам па роўным i цвёрдым асфальце. Людзi ледзь паспявалi за iм.

Нарэшце робат спынiўся, пастаяў крыху, даўшы нагрузку свайму электроннаму мозгу, i ў шлемафонах касманаўтаў прагучала: "Тут".

Дзве маленькiя рыдлёўкi, якiя людзi спецыяльна захапiлi з сабой, угрызлiся ў сыпучы пясок. Пад метровым пластом ляжаў... шлем. Празрысты наперадзе, металiчны з патылiцы i цеменi. Якраз такi, якiя былi зараз на галовах касманаўтаў. Яны нават зiрнулi адзiн на аднаго, падумаўшы, цi не забыўся сябар апрануць свой шлем. Але ўсё было ў парадку. Янка ўзяў знаходку ў рукi, пакруцiў, аглядаючы з усiх бакоў. Па ўсiм вiдаць, гэта была iх рэч, якую, аднак, яны нiколi не гублялi.

На базу вярнулiся моўчкi, думаючы кожны пра знаходку.

Нарэшце Барыс прапанаваў:

- Паведамiм на Зямлю.

- Пра што?

- Пра шлем.

- Ты ж не ведаеш, чый ён. А што, калi i там не ведаюць? На Марсе экспедыцыi бываюць рэдка, асаблiва ў гэтым раёне. Турысты таксама. Наўрад цi нам што пэўнае адкажуць. Давай будзем шукаць гаспадара шлема.