Читать «Дублi (на белорусском языке)» онлайн
Владимир Шитик
Шитик Владимир
Дублi (на белорусском языке)
Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк
Дублi
Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.
Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.
На чырванаватую пустыню мора часу клалiся доўгiя ценi блiзкiх гор. Залацiсты калматы клубок Сонца ўжо вiсеў над самым гарызонтам. I без таго густа-фiялетавае неба пацямнела зусiм. Яшчэ некалькi хвiлiн, i марсiянская ноч, амаль такая ж раптоўная, як зямная ў тропiках, агорне ўсё навокал.
- Дзе мог дзецца Барыс? - уголас падумаў Янка, нездаволена пазiраючы ў акно.
Янка быў адзiн, i яму нiхто не адказаў. Тады ён запалiў агнi маяка, якi ўзвышаўся на добрую сотню метраў над дахам iх выпрабавальнай станцыi. I адразу, быццам у адказ, злева замiгцелi фары ўсюдыхода.
Янка прыгледзеўся. Барыс марзянкай пытаўся: "Ты на базе?"
Усмiхнуўшыся, Янка гэтак жа, памiгваючы святлом маяка, iранiчна адказаў:
- Рацыя сапсавалася?
У дынамiку радыёсувязi пачуўся ўздых, сапенне, потым прахрыпела:
- Зусiм забыўся.
Пачуўшы голас Барыса, Янка занепакоiўся:
- Ты чаго?
- Глупства. Прыеду - раскажу.
Янка ўсмiхнуўся, буркнуў: "Таямнiцы марсiянскага двара" i пайшоў да канапы крыху расчараваны. Нiчога не здарылася, ды не можа здарыцца ў гэтым прывычным, як на Зямлi, становiшчы. Зручная мэбля, утульны пакой. Нават радыё i тое, як звычайна ў гэты час там, дома, перадае апошнiя паведамленнi. Усё звычайна, усё iдзе сваiм парадкам, быццам ты i не пакiдаў Зямлi.
Але вось голас дыктара стаў больш звонкi, усхваляваны. Ён загаварыў пра падрыхтоўку галактычнай экспедыцыi, i Янка раптам успомнiў: "Наступныя мы". I ўжо iншымi вачыма, з халоднай цiкаўнасцю паглядзеў навокал сябе. А ў сэрца папаўзла нездаволенасць.
Яны з Барысам былi асноўнымi кандыдатамi ў наступную галактычную экспедыцыю. Гэты iх палёт на Марс быў апошняй трэнiроўкай. Iм давалi магчымасць пажыць у незямных умовах i тым самым пэўным чынам падрыхтавацца да таго нечаканага, што можа сустрэцца на далёкiх i чужых планетах. Задума была правiльная, супраць яе Янка не пярэчыў. Але вынiкi... Ён чакаў большага. Хiба гэта падрыхтоўка, калi яны тут акружаны прывычнымi рэчамi i, нават выходзячы за парог станцыi, больш адчуваюць сябе дзе-небудзь у Гобi, чым на Марсе? Адзiнае, што напамiнае пра космас, - касцюм, аднак i ён такi лёгкi, што яго амаль не заўважаеш...
Знадворку пачулася гудзенне, затрымцелi сцены. Вяртаўся Барыс. Янка пайшоў сустракаць таварыша.
- Насланнё нейкае, - сказаў Барыс, вылазячы з кабiны.
- Што такое?
- Мне здалося, - Барыс крыху сумеўся, але дакончыў, - быццам ты напаўзасыпаны пяском. Толькi шлем тырчыць.
Янка здзiвiўся, маўляў, чаго толькi не прыдумае чалавек, потым нахмурыўся:
- Трэба было паглядзець.
- Дык ты азваўся, а тым часам i сцямнела.
- Тады заўтра, - вырашыў Янка.