Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 32

К Акула

Найгорш, што Стась нават таго каляндара - даволi таўстой кнiгi - не паказаў яму як сьлед; адно, перагледзеўшы малюнкi, паклаў у доктараву шуфляду, дзе сам Зянькевiч трымаў яго, каб весьцi ўлiк часу й рабiць аднаму яму зразумелыя зацемкi. Прасiў тады Янук Стася, каб перагледзеў пры нагодзе бацькавы сховiшчы, а мо знойдзе якiя старыя кнiгi. Той паабяцаў. Цяпер Янук прыгадаў гэта, складанчыкам стругаючы кавалак бярозавага кiя.

Тапсiк, што ляжаў побач, зiрнуў у бок бору, узьняўся на лапы й пачаў бурчэць. Калi Янук павярнуў галаву ў той бок, куды пазiраў сабака, твар ягоны распрамянiўся шырокай ласкавай усьмешкай. Сьцiшыў сабаку. На ўзьлесьсi, мецячы проста на яго, iшла ягоная школьная сяброўка Дуня Макатунiшка.

Дзяўчына нагадвала ружу, што вось-вось мае распукнуцца прыгожым цьветам. Якраз дасягнула таго росту, калi дзяцюкi й мужчыны, зiрнуўшы на яе раз, доўга праводзяць вачамi ды з чулай неспадзеўкай у голасе кажуць:

- Глянь во на яе, як пахарашэла! Учора яшчэ лучынка была, а сягоньня якая пекная. А што-ж зь яе будзiць заўтра?!

Дуня была Януковай аднагодкай. Сьветлавалосая, сiнявокая, круглатварая, ледзь кiрпаценькая, сярэдняга росту, апранутая была сяньня ў танную паркалёвую сукенку, босая. Даўгiя валасы - мусiць, таму, каб не рассыпалiся на бакi перавязаныя былi блакiтнаю стужкаю. На правым плячы Макатунiшка тарабанiла пузаты, туга напханы зрэбны мех. Янук ведаў, што было ў iм нейкае зельле.

Ад раньняе вясны, як толькi канчалася школа, завiхалася Дуня каля лекавага зельля. Мацi ейная прадавала назьбiранае ў мястэчку купцом, што ў сваю чаргу збывалi зёлкi фiрмам, якiя рабiлi зь iх лекi. Пачынаючы ад браткаў, празь лiпавы цьвет, васiлькi, чабор, валяр'янку i аж да панчошак, як руплiвая пчолка ўвiхалася Дуня цалюсенькае лета. Пад восень перакiдалася на грыбы й ягады. Гэтак ужо вось цi ня трэцi год. Спачатку хадзiла з маткай, пасьля -найчасьцей iзь сяброўкай Юшкевiчавай Клавай. Тую часта лянота брала, дык Дуня вандравала па палёх i лясох сама. Старалася абмiнаць вясковыя землi, бо чаго добрага, возьме каторы дзядзька - сабакам нацкуе. На скарбовым i панскiм раздольле было, хоць там лясьнiка трэба было высьцерагацца. На ягады-ж, каб зьбiраць, талён трэба было купляць. Адылi Дуня ня толькi ведала бочныя сьцежкi й дарожкi, пазнала, дзе, што й калi расьце, але, быццам тая пранырлiвая лiса, здалёк абмiнала небясьпеку.

Iншыя жанкi й дзяўчаты да суседнiх паноў на полiва, жнiво цi iншыя польныя работы хадзiлi. Макатунiшка ўпадабала зёлкi. Тут над табой нiхто з паганякай не стаяў. Добра руку набiўшы, завiхнуўшыся, можна было больш, чым у пана, цэлы дзень крукам стоячы, зарабiць. Заробкi йшлi на вопратку й хлеб. Зiмой-жа ў школу трэба было хадзiць, а ў хаце бяда з кожнага кута выглядала.

Ня меў Янук лепшае сяброўкi за гэту ўвiшную, працавiтую й прыгожую дзяўчыну. Сяброўства было, як звычайна мiж падлеткамi - дзiцячае, шчырае, безь нiякiх заднiх думкаў. Сам сабе ня верыў Янук, калi прыгадваў, як да гэтага дайшло.