Читать «Два сябры (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Мопассан Ги Де

I адразу над крэпасцю на гары ўзвiўся новы слуп дыму, i праз некалькi iмгненняў грымнуў другi залп.

Гарматы загрукаталi адна за другой, i час ад часу гара пыхкала сваiм смяротным дыханнем i выкiдала малочную пару, якая паволi ўздымалася ў цiхае неба i завiсала там нерухомаю хмарай.

Саваж пацiснуў плячыма i сказаў:

- Ну вось, зноў пачынаюць.

Занепакоена пазiраючы на пёрка свайго паплаўка, якi раз-пораз ныраў пад ваду, Марысо раптам адчуў зразумелы мiрнаму чалавеку гнеў да гэтых бязглуздых ваяк, якiм прыйшло ў галаву бiцца.

- Якiмi ж трэба быць дурнямi, каб гэтак забiваць адзiн аднаго, - прабурчаў ён.

Саваж згадзiўся:

- Горш за звяроў.

Марысо выцягнуў верхаводку i заявiў:

- I падумаць толькi, што так яно будзе заўсёды, пакуль светам будуць кiраваць урады.

Саваж запярэчыў:

- Рэспублiка не аб'явiла б вайны...

Але Марысо перапынiў яго:

- За каралямi ваююць з iншымi, за рэспублiкай - памiж сабой.

I яны пачалi спакойна абмяркоўваць важныя палiтычныя праблемы, выказваючы на iх свае цвярозыя думкi, уласцiвыя лагодным i абмежаваным абывацелям, i ўрэшце сышлiся на тым, што свабоды людзям нiколi не ўбачыць.

А Мон-Валер'ен безупынна грымеў, руйнаваў ядрамi. французскiя дамы, знiшчаў усё жывое, абрываў жыццё, чыесьцi мары, радасцi, шчасце, сеяў адчай у сэрцах дачок, жонак i мацярок, нёс невылечныя пакуты тут i там, у iншых краях.

- Такое жыццё, - прамовiў Саваж.

- Скажыце лепш: такая смерць, - з усмешкай кiўнуў Марысо.

Але тут сябры з жахам здрыганулiся, выразна адчуўшы за спiнай чыесьцi крокi. Яны павярнулiся i ўбачылi проста побач з сабой чатырох барадатых i ўзброеных здаравякоў, якiя былi, нiбы служкi, апрануты ў лiўрэi i пляскатыя шапкi i цэлiлiся ў iх са стрэльбаў.

Вуды выпалi ў iх з рук i паплылi ўнiз па рацэ.

За лiчаныя секунды рыбакоў схапiлi, звязалi, кiнулi ў човен i завезлi на востраў.

I за тым самым домам, якi iм здаваўся пакiнутым, яны ўбачылi два дзесяткi нямецкiх салдатаў.

Нейкi патлаты бамбiза, якi сядзеў верхам на крэсле i палiў вялiкую парцалянавую люльку, запытаўся ў iх на выдатнай французскай мове:

- Ну што, панове, цi добра лавiлася рыбка?

Тады адзiн салдат паклаў да ног афiцэра сак, поўны рыбы, якi ён не забыўся захапiць з сабой. Прусак усмiхнуўся:

- О-го-го! Бачу, справа iшла някепска. Але цяпер гутарка не пра гэта. Слухайце мяне ўважлiва. Для мяне вы - два шпiёны, засланыя, каб дапiльнаваць мой атрад. Я вас злавiў i цяпер расстраляю. Вы прыкiдвалiся, нiбы ловiце рыбу, каб лепей схаваць свае планы. Але, на жаль, трапiлi ў мае рукi, i тым горай для вас - гэта вайна. Аднак вы прайшлi праз аванпасты, i, безумоўна, у вас ёсць пароль, каб вярнуцца назад. Скажыце гэты пароль мне, i я злiтуюся над вамi.

Два сябры, абсалютна збялелыя, стаялi побач, iх рукi калацiлiся ў дробнай нервовай лiхаманцы, але яны маўчалi.

Афiцэр загаварыў зноў:

- Пра гэта нiхто i нiколi не даведаецца, а вы сабе спакойна вернецеся дахаты. Таямнiца знiкне разам з вамi. Калi ж вы адмовiцеся, вас чакае смерць, неадкладная смерць. Выбiрайце.