Читать «Дажыць да світання» онлайн - страница 5

Василь Быков

Пакуль, аднак, было ціха і цёмна. Бой грукацеў за ляском убаку, на краі неба звечара шырокім агнявым сполахам бліскала зарніца далёкае кананады, і прамерзлая зямля пад іх локцямі глуха, няспынна дрыжэла. У тым жа баку за лесам раз за разам пырхалі жоўтыя зоркі ракет і гаслі ў мутнай мешаніне святла са змрокам. Але яны былі далёка, тыя ракеты.

Трэба было як найхутчэй рухацца далей, пярэдняга краю яны яшчэ не адолелі, яшчэ з кіламетр спатрэбіцца паўзці па рэчышчы ля кустоўя. Але ўжо і так усе прытаміліся, група спакваля расцягнулася. Іваноўскі раптам спахапіўся, што не чуе зморанага дыху Лукашова, які поўз следам. Лейтэнант азірнуўся і пачакаў хвіліну, адпачываючы сам, хоць ведаў, што трэба як мага хутчэй, бо толькі ў хуткасці і непрыкметнасці іх поспех. Але і таго і другога без пары пачало бракаваць — воддаль ужо другі раз глуха стукнула, пэўна, вінтоўкай аб лыжу, і лейтэнант сцяўся, упіваючыся ў прыцемак злосным, абвостраным позіркам. Недарэкі, інакш не скажаш! Колькі гаварыў, каб вінтоўкі трымалі ў правай руцэ, а лыжы ў левай, але вось, мабыць, камусь спатрэбілася згрэбці ўсё разам, і цяпер бразгае.

Ззаду заварушыўся шэры, медзведзяваты ў прыцемку камяк у маскхалаце, шумна сапучы, ён падпоўз упрытык да Іваноўскага і спыніўся. За ім варушыўся яшчэ нехта, а далей ужо было і не згледзець, перашкаджаў змрок.

Іваноўскі запытаў асіплым змораным шэптам:

— Паўзуць?

— Паўзуць, лейцінант, — такім жа задышлівым шэптам адказаў Лукашоў.

— Перадай: шырэй крок!

У лагчынцы снег стаў яшчэ глыбейшы, тулава ў ім зарывалася па самыя плечы. Пад змакрэлымі каленямі адчувалася змерзлая калючая трава сенажаці — мабыць, пачынаўся поплаў. Іваноўскі не пазіраў на компас — як амаль і заўсёды, кірунак ён угадваў па характэрных зменах рэльефу, які быў вядомы яму з карты. Тут скрозь трэба было кіраваць нізам да рэдкага кустоўя абапал рачулкі, затым крыху збочыць правей і паўзці па яго самым краі. Шлях паўзком быў яшчэ доўгі, ён, вядома, выматае іх як мае быць. Але толькі б не нарвацца на немца, на які выстаўлены на ноч замаскіраваны сакрэт. Тады ўжо неўпрыкмет не пяройдзеш, тады пачнецца такое, што можа скончыцца кепска ў самым пачатку.

Іваноўскі, аднак, адагнаў ад сябе кепскія думкі і пільней угледзеўся ў снегавы змрок. Здаецца, зусім ужо недалёка цямнелі кусты, там была засыпаная снегам рачулка. Гэта мясціна — ён памятаў з карты — была якраз пасярэдзіне нейтралкі, далей за рэчкай на пагорку пачыналася невялікая, разбітая снарадамі вёска, у якой сядзелі немцы. Праўда, іх першы акоп быў бліжэй, праз якіх сотню метраў па той бок рачулкі, і там трэба будзе зрабіць паварот уздоўж рэчышча і паспрабаваць прабрацца ў кустоўі між гэтым акопчыкам і другім ззаду, на мыску вастраносага, нібы лыжка, пагорка.