Читать «Дажыць да світання» онлайн - страница 4
Василь Быков
Праўда, капітан зусім не настойваў, каб ён пераходзіў менавіта тут і цяпер. Гледзячы, як стаў заціхаць снегапад і перад імі дужа адкрыта і пустэльна раскінуўся гэты рачны прасцяг з крывулястай паласой кустоўя пасярэдзіне, прадстаўнік штаба сказаў:
— Сапраўды, як на пустой талерцы. Але рашай сам, лейтэнант. Табе відней.
— Пайду, — проста сказаў Іваноўскі.
— Што ж, твая справа. Можа, яно і лепш: сунуцца туды, дзе не чакаюць.
«Чорт іх ведае, дзе яны не чакаюць. Не запытаеш», — заклапочана падумаў лейтэнант. Але ён не мог больш адкладваць — у той справе, дзеля якой яны адпраўляліся, прамаруджанне сапраўды было падобна на смерць. А ён і так ужо прамарудзіў звыш меры, хаця, канечне, і не па сваёй волі.
Грузнучы па костачкі, а дзе і па калена ў снег, байцы гуськом узышлі на пагорак. Іваноўскі азірнуўся і ўпершыню адчуў задаволенасць — кароценькая калона яго паслухмяна падабралася, ніхто не адстаў; спыніўся ён, і амаль адначасова спыніліся астатнія. Далей трэба было пачакаць, можа, перадыхнуць нават, залегчы — з вяршыні зарэчнага пагорка іх маглі ўжо заўважыць немцы. Над поплавам і справа на схілах, дзе акапаўся батальён, стаяла цішыня, далёкія водгукі бою каціліся з-за лесу справа, там жа нешта няярка адсвечвала ў цёмным і мутным ад нізкіх аблокаў небе. Перад ім наўскос раскінуўся ў паўзмроку поплаў з расплывістымі плямамі кустоўяў, прысыпанага снегам трыснягу над рэчкай, грыўкамі быльнягу. Да рэчкі было паўкіламетра, не менш, гэтую прастору трэба было адолець на кукішках, пасля добры адрэзак паўзці па-пластунску, а далей ужо і трудна вызначыць як — толькі б хутчэй апынуцца па той бок поплаву ў нябачным адгэтуль лесе.
— Лажысь! За мной марш! — напаўголаса скамандаваў лейтэнант і апусціўся локцямі ў снег.
Снег быў глыбокі, пульхны, бы вата, і марозна-пякучы. Ён лез ва ўсе прарэхі маскіровачнага халата, набіваўся ў рукавіцы, за пазуху, у рукавы, халявы ботаў і раставаў там, агіднай макрэддзю ліпнучы да разгарачанага цела. Гэтая яго макрэдзь, аднак, хутка грэлася ўперамешку з потам; было душна, парна, задушлівая знямога горыччу распірала грудзі. Іваноўскі зубамі здзёр з рукі рукавіцу і мокрымі пальцамі рассмыкнуў матузок капюшона. Твару стала вальней, прахалодней, а галоўнае — адклала вушы, ён пачуў шорхат ветру ў быльнягу і невыразныя разрозненыя гукі ззаду. Прапаўзлі яны, мабыць, з паўкіламетра, пагорачак з сасняком ледзьве шарэў ззаду на краі начнога змрочнага неба, якое ў зімовых прыцемках амаль злівалася са снегавым долам. Следу-баразны, пракладзенай іх дзесяццю целамі, на шчасце, не было відаць нават зблізку, зрэшты, як і саміх байцоў. Праўда, Іваноўскі ведаў, што варта ўзляцець ракеце, як, нібы на далоні, стане відаць і снег, і яны самі.