Читать «Госць прыходзіць на золкім світанні» онлайн - страница 8

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Зараз ужо хутка, — сказала адна постаць па-нямецку.

— Закурым, Гельмут? — азваўся прыемны хрыпаты бас.

Чыркнула запальніца. Немцы яшчэ не вельмі трымаліся правіл светамаскіроўкі. Мігатлівы агеньчык асвятліў на хвіліну бляху фельдпаліцая, пасля адзін гестапаўскі пагон, пасля чыйсьці твар з рэзкімі ценямі ля носа.

Антось аж закалаціўся ад халоднай ярасці.

"Па маю душу прыехалі. Нават не хаваюцца. І машына, бач, распласталася, як жаба. Ну не, няма дурных. І размаўляюць голасна. Гаспадары… упэўненыя… на дурасць нашу спадзяюцца".

Можна было б уцячы, але ў кватэры засталіся карціны, плён гэтых жахлівых месяцаў. Усё рабілася нявартым без іх: голад, штодзённая небяспека, вылазкі ў горад і гета.

А голас гулліва сказаў:

— А птушка ў гняздочку.

І яны засмяяліся.

Антось зразумеў з поўнай яснасцю, што яму трэба рабіць. Вы думалі спаймаць мяне, а спаймаю вас я, пасмяюся над вамі я.

— Ніхт шыс'н. Іх бін камрад.

Яны не выявілі здзіўлення, калі Антось расказаў ім усё. Але ён мог бы пабажыцца, што пабачыў на твары фельдпаліцая выраз прыкрасці і расчаравання.

Калі ён вярнуўся ў пакой, чалавек сядзеў ля самаробнага мальберта і, сцягнуўшы пакрывала, разглядаў чарнавы накід "Загібелі горада": агонь, які сцелецца па зямлі, палаючыя галавешкі, што птушкамі ляцяць кудысь, чорная мітусяніна людзей на пераправе.

— А яны за такое не пахваляць. — І ён абвёў рукою накіды і малюнкі, нагрувапічаныя ў найбольш сухім кутку.

— Якая мне справа, — буркнуў Антось. — Я фатограф жыцця.

Дапытлівая дзіўная ўсмешачка блукала на тлустых губах начнога госця. Антось не мог утрымацца, такая гэта была неталенавітая правакацыя, такое відавочнае жаданне коткі пагуляць са спайманай мышшу.

— Неабдараваны вы чалавек. І справу ведзяцё бяздарна. Начальства — яно за гэта не пахваліць.

І накінуў зноў пакрывала. Чалавек са здзіўленнем глянуў на яго. Ён стаяў спіною да дзвярэй у той момант, калі яны адчыніліся. Наступнае адбывалася, можа, якую долю хвіліны і зроблена было па-майстэрску: дзве рукі на запясцях начнога госця, дзве рукі на локцях, лёгкі штуршок у локці, і вось постаць яго сагнулася наперад, павісла, як на прэнчу. Доўгі не заўважыў і ценю здзіўлення на яго твары, калі руля "вальтэра" ўціснулася госцю паміж лапатак.

— Марш!

— Не чапайце мяне, не буду скардзіцца, — агрызнуўся арыштаваны.

У адказ ss-ман злёгку штурхнуў яго нагою пад жыжыкі, і той, нахіліўшыся, як быццам яго ванітавала, выплыў разам з канваірам у цемру пляцоўкі.

Другі афіцэр скінуў з мальберта пакрывала. У вачах яго загарэлася амаль пяшчотнае захапленне, веі павільгатнелі.

— О-о! Прыма.

Антось чуў, як яны спускаюцца па сходах. Вось адпусцілі, напэўна, рукі, вось сядаюць у машыну. Роў матора. Зараз нехта з іх дасць няўдаламу Відоку поўху — за дурасць.

Ён усміхнуўся і закрыў вочы. Трэба было ўцякаць.

IV

І ўсё ж яму не ўдалося ўцячы. Два дні ён рыхтаваў схованку эскізаў, малюнкаў і накідаў, а на трэці дзень за ім прыехалі на доўгай чорнай машыне.

Пасярэдзіне галоўнай вуліцы быў расчышчаны ад цэглы толькі вузкі праезд для машын, і Доўгі здзіўляўся, чаму ўсе машыны, нават плямістыя ваенныя, нават белыя штабныя даюць ім дарогу. Ён азірнуўся. Поруч з ім, як ідал, застыў чалавек у цывільным. Ля яго ног сядзеў вялізны сабака-сышчык і глядзеў на Антося чалавечымі вачыма. Антось быў упэўнены, што яго заарыштавалі, і, калі машына пад'язджала да вялікай каробкі чатырохпавярховага дома, паклаў руку на ручку дзверцаў.