Читать «Госць прыходзіць на золкім світанні» онлайн - страница 6

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Авой, якія сабакі! Гэта тут, у руінах? Так? А гэта! Ай-я-яй, якія брылы вісяць. Як цікава! Гэта дзе? Гэта на месцы оперы? Так-так. А Хрыстос, бацюхны мае, які! Гэта іх расстрэльваюць? I ён з імі? А гэта дзе?.. Так-так.

Яго бялявае, як смятана, аблічча аж маслілася ад задавальнення. Тоўстыя вусны прыцмоквалі. Антосю даводзілася бачыць на даваеннай сцэне артыстаў, якія дрэнна ведалі беларускую мову, а ігралі кандовых сялян у "Паўлінцы" і ў "Салаўі". Гэты быў падобны на іх і таму зусім не сімпатычны тып. Ён, як яны, падкрэслена "дзэкаў", але "у" кароткае яму не давалася, і замест яго вымаўляў нешта падобнае на польскае "l". Нягледзячы на някепскі запас слоў і падкрэсленую літаратурнасць вымаўлення — чужы, неўласцівы беларускаму чалавеку акцэнт адчуваўся ў яго мове, адчуваўся глыбока-глыбока. I ён падкрэслена жагнаўся пяццю пальцамі, што было зусім ненатуральна ў сорак першым годзе, калі не жагнаўся амаль ніхто, акрамя бабуль, а імя Божае вымаўлялі ўжо хіба толькі ў складанай мацернай лаянцы.

Нарэшце ён супакоіўся, сеў. Хітра бліснулі яго шырокія вочы.

— А я чуў, што вы кінулі працаваць. Аж вы унь колькі нарабілі. Давядзецца і гэта ўзяць з сабою.

— Куды? — непаразумела спытаў Доўгі.

— У партызанскі атрад… разам з вамі. Мяне прыслалі па вас. Я думаю, вы даўно хацелі гэтага? Ёсць спецыяльная пастанова нашай партыйнай ячэйкі, каб вывезці славутага мастака і даць яму магчымасць пісаць.

Антось неяк падсвядома адзначыў у памяці архаічнае, састарэлае слова "ячэйка", але яго цікавіла зусім другое. Ён не адказаў на запытанне, ён спытаў сам:

— А куды ж падзеўся Лабацэвіч?

Чалавек пачухаў патыліцу:

— I д'ябла яго ведае. Тыдзень таму даслалі яго ў горад. Няўжо ён не прыйшоў? Х-ах, як непрыемна!

— А ён да гэтага ў атрадзе быў?

— Ну як жа ж. Вядома. Такі добры хлопец.

— Гэта які Лабацэвіч, — рэзка спытаў Антось, — гэта той, тоўсты?

— Угу.

— I з чорнымі вачыма?

— А чаму вас гэта так цікавіць? — насцярожана бліснуў на Антося вачыма чалавек. — Вы лепей павінны ведаць. Я… мала ведаю тое падраздзяленне, адкуль ён быў. Я… амаль не ведаю яго ў твар.

— Добра, — халодна сказаў Антось.

У гэтую хвіліну ён ужо ведаў, што яго хочуць зрабіць ахвярай нахабнай і бессаромнай правакацыі. I не таму, што ў слове гэтага чалавека выразна адчуваўся чужы, нямецкі — так, нямецкі, ён цяпер быў упэўнены ў гэтым, — акцэнт, і не таму, што ён прыйшоў з нейкім дурным паролем, і не таму, што чалавек гэты быў маласімпатычны і верз лухту, і нават не таму, што ён так натуральна жагнаўся.

Ён быў упэўнены ў гэтым таму, што Лабацэвіча ён, Антось, сам выправіў разам з сям'ёю ў тыл, таму, што Лабацэвіч паспяхова дабраўся да Масквы, таму, што Лабацэвіч хварэў на сухоты і на вайну яго ўзяць не маглі. А гэты ёлуп, не разабраўшыся добра, не ведаючы нават аблічча Васіля, імем маладога друга, правацыраваць яго, Антося? Не, любы, партызан знойдзем без дапамогі гестапа.

Васіль, Васіль, малады дружа, такі лабасты, такі кучаравы — цудоўны лірык, лепшы пейзажыст рэспублікі, у якую брудную кашу яны хочуць затаўчы тваё імя?