Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 26

Вячаслаў Адамчык

Паравоз, набіраючы хуткасць і выблытаўшыся з перакрыжаваных стрэлак, ляцеў на перагон, цяжка ўздрыгваў і пахістваўся.

За блізкім пераездам праплыў белы, з доўгім бляшаным комінам і нерухомым флюгерам дамок дварчанскай вадакачкі, далей, на другі бок чорнай з белымі крыллямі лёду рэчкі каля фундамента высокага моста прытуліўся бункер — прысадзісты, накрыты дзярном зруб і акружаны чатырохкутным з проймамі амбразур драўляным валам.

Пачуўшы, мусіць, на станцыі страляніну, каля моста замітусіўся і пачаў збягаць па адкосе ўніз перапуджаны вартавы. Лобаў стрэліў у яго, не ведаючы, пацэліў ці не, бо вартавы, спатыкнуўшыся ўжо да гэтага, па чорных, расталых на адкосе праталінах каціўся пад самую рэчку.

Жалезнаю і вялікаю пустатою пад цяжкім нястрымным паравозам прагрукаў мост.

Жэнік Рэпка адапхнуў Лобава і, мацюкаючыся, сарваў з глухім хлапком чаку, размахнуўся і шпурнуў у чорны бункер лімонку. Там, палыхнуўшы агнём, ударыў высокі пругкі выбух.

Паравоз, пачмыхваючы парай, з бесперабойным тахканнем колаў ляцеў далей, за высокі ажурны слуп семафора з чырвоным круглым вокам і паднятым плячом.

— Спыняй! Ядрона вош! — крыкнуў машыністу Жэнік Рэпка.— Ударым у эшалон.

— Ударым... А можна было і таго тоненькага хлопца зберагчы. Не слухаў ты мяне...— машыніст паволі збаўляў хуткасць.

— Ты што, ядрона вош!

— У цябе адно слова — ядрона ды ядрона.

— Ды ты?.. Тваю маць!..— у Жэнікавых руках падскокваў і дрыжаў аўтамат.

Машыніст маўкліва дужаю рукою злавіў рэверс. Паравоз паволі прыпыніўся і, прабуксаваўшы коламі, зачахкаўшы, пачаў зноў набіраць хуткасць, лецячы тэндэрам уперад. Зноў праплыў марны дварчанскі лясок з магілкамі. Паступова пачаў большаць адхон.

— Хлопцы, я да адказу нацягну рэгулятар, паравоз паляціць як шалёны. Уцякаем, бо далей высокі адкос, паскручваем галовы.

— Давай, не марудзь! — крыкнуў Рэпка.

— Скакаць толькі ўперад паравоза.

— Не вучы! — першым у шорсткі снег паляцеў Лобаў.

Рэпка скокнуў услед за ім. Як і калі на другі ўжо бок немалога адкосу выляцеў вусаты машыніст, яны ўжо не ўбачылі. Пэўна, зараз жа знік у калматым ляску на могілках. Але Рэпку з Лобавым было ўжо не да яго. Дабягаючы да цёмных круглых, як царкоўныя купалы, кустоў ялаўцу, яны затоена і з вялікім радасна-трапяткім дзівам у вачах глядзелі, як у шарай ночы ляцеў чорны паравоз, знікаючы на завароце сярод нізкай каламутнай паласы голага прысаддзя, платоў і будынкаў.

I раптам цяжкі жалезны абвал страсянуў чуткую прытоеную ноч. Услед за вялікім грукатлівым лязгатам пасыпаўся і раскалоўся малы, потым яшчэ меншы... На станцыі грымела, трашчала, лязгала, глуха гуло, і яму, гэтаму грукату, здаецца, не было канца. Чуўся неразборлівы гаман і крык.

Партызаны адыходзілі пад далёкі, тупаваты стукат кулямётаў, што стралялі наперамешку: адзін з ачунялага бункера, другі, мусіць, з вакзала, з круглага ў франтоне акна. Лускалі ўжо зусім небаязліва чэргі аўтаматаў.

Пра Ярафеева, пра нечаканы боль у костачцы, бо дзе і калі падвярнуў ногу, ён не помніў — Жэнік Рэпка загаварыў пасля таго, як заціхла ад радасці трапяткое, разгарачанае да бяспамяцтва сэрца.