Читать «Гісторык з Віцебска (жыццяпіс Аляксея Сапунова)» онлайн - страница 13

Людміла Хмяльніцкая

Менавіта «Хроніка» Аверкі і «Кніга прывілеяў г.Віцебска» сталі для Сапунова асноўнымі крыніцамі для публікацыі дакументаў у першым томе зборніка, дасціпна названага аўтарам «Віцебская даўніна». Гістарычна–літаратурныя перыёдыкі з аналагічнай назвай ужо існавалі на той час у розных гарадах Расійскай імперыі, але на Беларусі Сапуноў ужыў яе першым. Гэта ўжо на пачатку ХХ ст. Еўдакім Раманаў пачаў выдаваць «Магілёўскую даўніну», Мінская царкоўна–археалагічная камісія — «Мінскую даўніну», Яўстафій Арлоўскі — «Гродзенскую даўніну». Відаць па ўсім, што гэтая назва стала «моднай», прыйшлася даспадобы як чытачам, так і выдаўцам.

Для паўнаты ўяўлення пра віцебскую гісторыю Сапуноў палічыў неабходным побач з упершыню апублікаванымі ім у кнізе дакументамі змясціць і тыя, што ўжо былі надрукаваны раней. Гэты крок можна лічыць цалкам апраўданым, бо ўжо нават у часы Сапунова многія выданні, якімі ён карыстаўся, былі бібліяграфічнай рэдкасцю. Як вядома, час надае значнасць рэчам, прычым часцей нават большую за тую, што яны мелі сярод сваіх сучаснікаў.

Першы том «Віцебскай даўніны» выйшаў з друку ў 1883 г. «Отцы и братья! Оже ся где буду описал, или переписал, или недописал; чтите, исправливая Бога дела, а не кляните, занеже книгы ветшаны, а ум молод недошел»,— гэтыя словы Аляксей Сапуноў палічыў неабходным паставіць эпіграфам да сваёй кніжкі. Як бачым, малады навуковец, якому ішоў тады 32–гі год, з душэўным хваляваннем ставіўся да сваёй першай сур’ёзнай працы, якую ён выносіў на суд шырокага чытача і навуковай грамадскасці.

Пераважную большасць матэрыялаў тома складалі тэксты дакументаў, сабраныя ў тэматычныя рубрыкі («Граматы, прывілеі і інш.», «Віцебскае мыта», «Інвентары», «Летапіс г.Віцебска», дакументы, якія тычацца жыцця і дзейнасці Полацкага уніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча, гісторыі Віцебскага Маркава манастыра, яўрэйскага насельніцтва Віцебска, вайны 1812 г. і інш.). Разгалінаваная структура працы, мэтай якой было як мага больш поўнае асвятленне віцебскай гісторыі, дазволіла ўвесці асобны раздзел з вытрымкамі тэкстаў з рускіх і літоўскіх летапісаў пра Віцебск, зрабіць пералік артыкулаў з «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі», якія тычацца горада і губерні, змясціць радавод полацкіх князёў, спісы віцебскіх князёў, кашталянаў, ваяводаў, настаяцеляў манастыроў і інш., рознага кшталту статыстычныя табліцы і вялікія каментары з цытатамі з прац расійскіх і польскіх гісторыкаў. Апошні ХII раздзел кнігі складаў напісаны Сапуновым «Гісторыка–статыстычны нарыс г.Віцебска», да якога ў прадмове да ўсяго тома аўтар заклікаў ставіцца «толькі як да заўваг, збольшага прыведзеных у сістэму». «Больш грунтоўная гісторыя Віцебска выйдзе пазней»,— шчыра абяцаў ён чытачу[2]. Забягаючы наперад, скажам, што, напісаўшы потым дзесяткі прац па гісторыі горада, Сапуноў так ніколі і не выдаў асобнай «грунтоўнай гісторыі Віцебска». У 1920–х г. ён падрыхтаваў да друку рукапіс гэтай працы, аднак надрукаваць яго ўжо не змог.