Читать «Гісторык з Віцебска (жыццяпіс Аляксея Сапунова)» онлайн - страница 12

Людміла Хмяльніцкая

Аднак усе лаўры і церні яшчэ чакаюць даследчыка наперадзе. Пакуль жа Аляксей Сапуноў, аглядаючы стосы ўласных рукапісаў з копіямі архіўных скарбаў, якія па аркушы год за годам збіраюцца на пісьмовым стале, думае, што ж можна зрабіць з усім гэтым.

[1] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.782, арк.77—85.

[2] ВАКМ, КП7285/1.

[3] Тамсама

[4] Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. С.–Петербург, 1865. С.10, 253—255.

[5] Памятная книжка Витебской губернии на 1864 год. С.–Петербург, 1864. С. 275, 304.

[6] НГАБ, ф.2496, воп.1, спр.4926, арк.494—502; спр.4951, арк.149—150; ф.3209, воп.1, спр.1252, арк.77—80, 88—89.

[7] ВАКМ, КП7295/14, арк.23—24.

[8] ВАКМ, КП7295/14, арк.25—26.

[9] Багародзкі М. Аляксей Парфенавіч Сапуноў і значэньне яго прац па дасьледаваньню Віцебшчыны // Віцебшчына. Т.1. С.76.

[10] ВАКМ, КП7295/11, арк.33—35.

Віцебская даўніна

Першая публікацыя — нарыс пад назвай «Гістарычныя звесткі пра віцебскі замак» — у Сапунова з’явілася ў «Памятнай кніжцы Віцебскай губерні на 1881 год». Думку пра выданне асобнай кнігі па гісторыі Віцебска, якая складалася б з надрукаваных і невядомых раней дакументаў, Аляксею Сапунову падаў мясцовы доктар Карл Бергнер, з якім гісторык быў, відаць, у прыязных сяброўскіх стасунках. Думка гэтая як мага лепш адпавядала памкненням самога гісторыка — падаць максімальную колькасць дакладных фактаў з гісторыі горада, звёўшы да мінімуму іх аўтарскую інтэрпрэтацыю.

Падбор дакументаў для свайго першага археаграфічнага зборніка Сапуноў пачаў з росшукаў у архівах мясцовых дзяржаўных устаноў. І пошук, трэба сказаць, прынёс плён. У архіве гарадской думы гісторык знайшоў копію «Віцебскага мыта» за 1605 г., а таксама «Перадатачны інвентар» горада 1667 г.; у Віцебскай губернскай чарцёжнай — «Ведамасць аб дваровых пляцах жыхароў Віцебска» за 1797 г.; у архіве крымінальнага і грамадзянскага суда — «Інвентар маёмасці архіепіскапіі Полацкай» 1618 г. Аднак сапраўдным скарбам для гісторыка стала гэтак званая «Кніга прывілеяў г.Віцебска», якая ў той час захоўвалася ў бібліятэцы губернскага статыстычнага камітэта.

Гісторыя з’яўлення гэтай кнігі была пэўным чынам звязана з тымі традыцыямі вольнасці, якімі на працягу амаль двух стагоддзяў карысталіся жыхары магдэбургскага Віцебска. Ужо прызвычаіўшыся атрымліваць ад чарговага манарха Рэчы Паспалітай канфірмацыйныя (пацвярджальныя) прывілеі на свае правы, віцябляне непрадбачліва перанеслі свае спадзяванні ў дачыненні да гэтай старадаўняй традыцыі і на спадчыннікаў расійскага трона. Страціўшы ў часы Кацярыны II магістрат як орган гарадскога самакіравання і не паспеўшы атрымаць сатысфакцыі ў хуткаплыннае цараванне Паўла I, віцебскія месцічы ўсклалі свае надзеі на «добрага імператара» Аляксандра I. У 1803 г. праз пасрэдніцтва віцебскага пракурора Манькоўскага ўсе арыгіналы старадаўніх грамат і прывілеяў былі адасланы ў Пецярбург міністру юстыцыі разам з хадайніцтвам аб захаванні за гараджанамі ўсіх тых правоў, што былі нададзены ім польскімі каралямі. Цяпер невядома, калі віцябляне зразумелі ўcю наіўнасць такога кроку і бессэнсоўнасць спадзяванняў на добрую волю тырана ў краіне, якая не мела ні ў мінулым, ні ў сучасным дэмакратычных традыцый. Адзіным вынікам гэтага ўчынку стала страта каштоўных для гісторыі горада дакументаў, якія згінулі недзе ў сталічных архівах. У Віцебску засталіся толькі копіі, што былі зроблены «па распараджэнні Віцебскага магістрата і ратушы» ў 1733 г. і перапісаны Сямёнам Зямковічам у асобную кніжку, якая атрымала назву «Кнігі прывілеяў г.Віцебска» і захоўвалася спачатку ў гарадской думе, а з 1860–х г. — у бібліятэцы статкамітэта. Існаваў і яшчэ адзін спіс старадаўніх гарадскіх грамат, які быў зроблены ў 1758 г. Міхаілам Слаўскім. Яго, у сваю чаргу, скапіяваў у тым жа стагоддзі віцебскі мешчанін Аверка. Пазней так атрымалася, што спіс Слаўскага быў страчаны, а рукапіс Аверкі пад назвай «Хроніка г.Віцебска» захаваўся і ў часы Сапунова знаходзіўся ў зборы Віленскай публічнай бібліятэкі[1].