Читать «Вялікі Шан Ян» онлайн - страница 9

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Што ты робіш? — Купец паімкнуўся растаптаць агеньчык нагой. — Нас убачаць з дарогі.

Пошчак на шляху сапраўды на хвіліну змоўк, а пасля перайшоў у тупат мяккай хады. Ехалі па прасянішчы. Гунсунеў твар нібы скурчыўся з холаду.

— Што ты нарабіў, Жун Лун! Неба! Сюды… яны едуць сюды.

— Ты часам не крымінальны злачынец? — нядобра ўсміхнуўся вучоны. — Рэзаў? Краў? Бацьку забіў?.. На маці данёс?.. Хаця па законах Шан Яна апошнія два злачынствы дапушчальныя.

— Не, Жун Лун… Клянуся табе, не.

Стары, здавалася, раздумваў аб нечым, скосу паглядаючы на купца. Пасля ўсмешка пагарды з'явілася на ягоных вуснах.

— Будзь так, — сказаў ён.

Выцягнуў з тарбінкі яшчэ вузлік. Развязаў яго. У ім была мука. Выцягнуў бутэльку з гарбузіка. Выліў з яе на руку нешта чырвонае і цягучае.

— Давай твар… Давай рукі.

Вымазаўшы Гунсуню твар і рукі гэтым, клейкім, ён пачакаў хвіліну — купец адчуў, што твар ягоны сцягвае: сок сохнуў хутка, амаль як лак — і, пачакаўшы, размеранымі дакладнымі рухамі сыпануў на твар і рукі некалькі шчопцяў мукі ці, можа, кааліну, хто ведае. Пасля так жа размерана і паспешна запхнуў усё назад у хатулёк.

— Да іх толькі сто пяцьдзесят сюняў, не больш, — спрактыкаванае вуха купца па гуку ацаніла адлегласць. — Што рабіць?

— Да іх яшчэ сто пяцьдзесят сюняў, — спакойна адказаў філосаф. — Пасохні крыху і накінь капюшон. І чакай. І маўчы, што б ні было.

Крокі сціхнулі.

Першы вырас над імі, здавалася, да неба, магутны коннік на цяжкім, як слон, кані.

"Падманлівае ўражанне — цяжкасць такіх, — падумаў купец. — Конь для пагоні, калі нельга або няма часу знайсці падмену ні ўцекачу, ні праследавацелю. Жылісты. Здатны няспешна праскакаць адлегласць, на якой падуць два, часам нават тры скакуны. Добрая паўночная парода з царства Янь. Тым часта даводзіцца мераць вынослівасць сваіх коней з конямі сюннугунаў".

Конь быў гарбаносы, як дзікі. І, як дзікі, сядзеў на ім коннік у шлыку і ў панцыры са шкуры насарога, каравай, бугрыстай, страшнай, наймаверна тоўстай нават на вока. Шчыт быў прытарочаны да сядла злева, бронзавы меч — справа.

Пасля з'явіліся па баках — і ззаду — коннік са знакам сотніка і бунчужны з бунчуком. Пасля цені шматлікіх коннікаў абкружылі ўсю катлавіну. Заблішчэла зброя, зачарнелі твары, укрытыя грывамі конскага воласу, конскімі хвастамі замаячылі ў небе бунчукі.

А пасля такі ж конскі хвост, завязаны ля наканечніка дзіды, матлянуўся наперад і нечакана спыніўся амаль ля аблічча філосафа. Навязаны ля вялізнага наканечніка дзіды, падобнага формаю і велічынёй на ліст фікуса. Наканечніка, скутага ў царстве Чу, у славутых майстэрнях мястэчка Цань і насаджанага на дрэўца па таўшчыні сапраўды падобнага на не такое ўжо і маладое дрэўца.

Філосаф не адхіснуўся. Ён спакойна глядзеў на воінаў, зацягнутых у латы са скуры акулы, на каня, на насарожы панцыр, на аблічча чалавека над ім. Праваленае ў шчаках, пасечанае, са складкай неймавернай жорсткасці ля рота, з кароткімі цёмнымі вусамі, гарбаносае.

А над ўсім гэтым бязлітасна-халодныя і толькі ледзь раскосыя вочы. Халодныя, як крыга, блакітныя вочы.