Читать «Вялікі Шан Ян» онлайн - страница 8

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Гансунь Ян паляжаў хвіліну, гледзячы ў высокія і халодныя вочы зорак, якія міргалі яму, і адразу ж праваліўся ў сон.

Спаў ён мала, як звер, і прачнуўся адразу, свежы, нібы наліты сілай і яснасцю. Усё тыя ж вялізныя вочы паўдзённых зорак глядзелі на яго з вышыні. Усё так жа гарэла вогнішча. Усё тая ж была ноч.

Вучоны ўжо зноў сядзеў ля агню. Стары — а можа, старападобны — твар ягоны быў яшчэ больш бяскроўны. Веi самкнёныя. Вусны амаль бязгучна варушылiся, як на малiтве.

Але ён адчуў, што абудзілі яго не зноў ажыўшае вогнішча і не гэты шэпт. Ён не ведаў — што. Але ён адчуваў уначы набліжэнне чагосьці варожага. Яно набліжалася неадольна і няўхільна.

…І сапраўды, праз хвіліну здалёк даляцеў спярша няясны, а пасля акрэслены, грозны і дзікі матыў. Недзе вялі яго дзесяткі грубых галасоў. І ён хутчэй здагадаўся — бо адтуль далятаў акрамя пагрозных галасоў, яшчэ і нейкі невыразны пошчак — што гэта было. Уначы ўсяўладна гучала "Песня баявых калясніц". Сто разоў хадзіў пад ёй чалавек. Нёс, як бунчук. А яна плаціла гордаю ўпэўненасцю. Ён смутна, шостым пачуццём, як заўсёды пазнаеш знаёмае, пазнаў словы, мабыць, першага прыпеву:

Ў агнi мiльгаюць бронзавыя спiцы, Ад сцягаў лёг на свет пагрозны цень. Ляціце, баявыя калясніцы! Ён блізіцца, распраў і смерці дзень.

— Якая суровая… Якая велічная… Якая гордая і прыўкрасная музыка, — прашаптаў ён.

Вучоны глядзеў на яго і не пазнаваў. Па-ранейшаму былі вытанчаныя і нават спешчаныя рухі рук. Рук філосафа. Але ў вачах гарэў агонь — ці, можа, гэта быў водбліск вогнішча, — але ноздры раздзімаліся, бы ў каня, што пачуў гул сурмаў.

"Божа мой, што зрабілі з людзьмі", — падумаў Жун Лун, а ўголас сказаў:

— Ты не падобен на гандляра, — і дадаў іранічна: — Што, тваё імя сапраўды Гунсунь Ян?

— Так, — з гонарам сказаў той. — Клянуся мацi, небам i сваiм жыццём.

Стары адвёў вочы і задумаўся над нечым. Пасля вусны ягоныя таргануліся.

А ўначы ўжо досыць ясна аддавалася:

Хай валадар уладарна свісне — Ўраз бунчукамі зямля расцвіце… Вэй, Хань і Чжао, як вошай, расціснем, Конскім хвастом іхні прах размяцем.

— Іерогліф "чжань", — задуменна сказаў філосаф. — "Чжань". "Вайна". Колькі ў накрэсленні гэтага "цзыра", знака, прыгажосці з пункту гледжання каліграфіі. Але якая за ім мярзота і дрэнь!

— Якая гордая музыка, — паўтарыў Гунсунь, і раптам твар ягоны перакрывіўся грымасаю непаразумення, і ў чымсьці нават жаху. — Што такое? Музыка… Песня… Няўжо вайна? Забаронена спяваць у дні міру. Музыка забаронена… Толькі пад час вайны. Такая. Дваццаць год не спявалі.

І зноў паўтарыў:

— Вайна.

— Ты нібыта падазраеш горшае? — пранікліва сказаў Жун Лун. Зусім ужо блізка, на шляху, гучала песня:

Як стрэлы ў сэрцы ворагаў ляціце, Куды нясе крывавай бітвы Бог. Ляціце, баявыя калясніцы! — І ляжа свет каля сталёвых ног.

Філосаф зябка сцепануўся і падкінуў у агонь сушняку. Полямя ўскінулася, і дрыготнае барва заскакала ў кроне шаўкавіцы.