Читать «Вялікі Шан Ян» онлайн - страница 2
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
— Гунсунь Ян, спадарожны са сталіцы. Пусці пераначаваць.
— Не-не, я не ведаю, хто ты… А паўсюль шныпараць даносчыкі і віжы. Сам ведаеш, хто данясе — а чаму я ведаю, хто ты? — узнагародзяць, як воіна, што адсек галаву, хто не данясе — рассякаюць напалам. Хто ўкрые кагосьці, таго, — як воіна, што здаўся ў палон… Адкуль мне ведаць? Кожны павінен да часу лічыць іншага злодзеем.
— Я багата заплачу.
— Такі закон, — выбачаючыся, біўся голас. — Самі ведаеце, чый закон. Я і гандляваць баюся і прымаць людзей. Бо як у законе: "Калі зачыніць пастаялыя двары, дзе спыняюцца вандроўныя людзі, то тыя, хто самушчаюць сэрцы і сеюць сумненні, не здолеюць вандраваць, — о даруйце, пане! — …і сяляне не пачуюць пра розныя перамены і не будуць глядзець на іх як на ўзор для пераймання… І не будзе даходу шынкам, а калі людзям з корчмаў няма з каго будзе карміцца, то ўсе яны неадменна вярнуцца да земляробства". …Я і вярнуўся. Я нікога не пускаю. Хіба што праскача дзяржаўны ганец. Злітуйцеся, добры пане.
Ён не хацеў болей грукаць. Ён пайшоў прэч, да вёскі, хаця ведаў, што там толькі блохі ды суп з гарахавіння. Але што было рабіць?
…І ён абышоў усю вёску, і яму нідзе не адчынілі. Часцей за ўсё ён фізічна адчуваў, як дрыжаць за дзвярыма людзі, а пару разоў яму з-за дзвярэй прыгразілі сякерамі. Раз ён заўважыў над мурам маціцовыя вочы, якія ў імгненнай успышцы месяца цяжка варочаліся за ім, нібы глядзеў, прачаіўшыся, загнаны звер.
Праўда, дзве трэці дамоў былога цзуна сустрэлі яго выбітымі дзвярыма і чорнымі праёмамі акенцаў, з якіх выпаралі радзіну або саламяныя цыноўкі.
Калі, абышоўшы ўсё, ён стаяў ля весніцаў і думаў, як яму быць, ён раптам пачуў, вельмі здалёк, ляск капытоў. Нехта імчаўся ва ўвесь апор па вялікай паштовай дарозе. Бліснуў схілены цень конніка, ускінуты і развеяны на вятры хвост бунчука. Пасля коннік знік, і толькі тады да чалавека, які схаваўся за ствол дуба, данёсся хрыплы, сарваны, раздзерты ветрам крык вяшчальніка. Адно толькі слова:
— …памё-ор!!!
Трэба было шукаць, дзе прыткнуцца на ноч. І лепей далей ад дарогі, калі ўжо няма страхі над галавой. Ён пабрыў улева па мінулагоднім шорсткім прасавішчы туды, дзе, як здалося яму, пялёснуўся над зямлёю нейкі вокаімгненны аранжавы водбліск.
Ён iшоў досыць доўга, пакуль ногi не вывелi яго на невялiчкi адхон. Нiжэй была малая катлавiнка: толькi-толькi размясцiцца тром людзям з коньмi. А пасярэдзiне гэтай затравелай ужо катлiвiнкi гарэла невялiчкае вогнiшча. Такое невялiкае, што падарожнiк не зразумеў, чаму ён заўважыў яго. I толькi пасля, заўважыўшы вялiкую шаўковiцу, што звiсала над ямай, зразумеў: аднойчы вогнiшча ўскiнулася крыху вышэй i адбiтак гэтай зыркасцi затрапятаў у кроне.
Было ясна, што так жа, як ён, можа заўважыць такі выпадковы ўсплёск і іншы, але выбіраць не даводзілася.
Ля вогнішча, захутаўшыся ў грубы плашч, сагнуўшыся — спачатку нават здавалася, што ён гарбаты, сядзеў чалавек.
— Не бойцеся. Я з раскрытымі далоньмі.
— Я і не баюся, — чалавек узняў галаву і зірнуў на таго, хто падыходзіў, вялізнымі чорнымі вачніцамі. — Я не прыкуты да кола існага, узяць у мяне няма чаго, а неба адкрыта кожнаму, і мы не ведаем часу.