Читать «Вялікі Шан Ян» онлайн - страница 5

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Дзіва што! Дваццаць чатыры гады яго дзяўблі ў вушы жыхарам Паднябеснай. То давай пагаворым, купец. Гэта будзе мая апошняя размова з вучнем, хай сабе і такім недасведчаным, як ты. Але хто з нашых не філосаф?.. На жаль, давядзецца, значыць, абмежавацца трактатам Шана. Што ж, можа, мне хаця ў апошні раз дадзена будзе ўкласці ў чыесьці вушы хаця кавалачак праўды.

— З чаго мы пачнем, вучонейшы? Мне цікава ўсё. Ты ж ведаеш "Шан"?

— Я шмат ведаю. Зашмат для нашага часу.

— Можа, пачнем з прынцыпу дзесяцёх паразітаў?

Вучоны прыўзняў бровы:

— О, у цябе прыродна-жывы розум. З цябе мог бы… Ты ўзяў самую сутнасць. Тое, з чаго пачынаецца ўсё і чым вучэнне Шана "фацзя" імкнецца забіць канфуцыянства і навуку.

Ён засяродзіўся і павольна, змейкаю, пацягнуў па траве ружанец з ляпіс-лазуры. Пасля пачаў нараспеў, але інтанацыя была такая, што ясна было: яму брыдка да нудоты:

— "У дзяржаве бываюць дзесяць паразітаў: лі, музыка, Шыцзін і Шуцзін, дабрадзейнасць з дабрачыннасцю і давер'е, успрыняцце вайныя як чагосьці ганебнага і, адсюль, нежаданне ваяваць, павага да бацькоў, пачытанне старых парадкаў і звычаяў, братні доўг, бескарыслівасць, красамоўства… Калі ў дзяржаве ёсць гэтыя дзесяць паразітаў, то валадар не здолее прымусіць народ ваяваць, дзяржава будзе неадменна расчлянёная і, у канцы канцоў, загіне. Калі ж у краіне няма гэтых дзесяцёх "шы", вошаў, правіцель можа прымусіць народ ваяваць, а дзяржава неадменна даб'ецца ўладання ў Паднябеснай". І яшчэ: "Красамоўнасць і востры розум садзейнічаюць беспарадкам… дабрыня і чалавекалюбства — "маці праступкаў".

— Але ж ён за Паднябесную, — горача ўставіў купец. — Хіба нельга дзеля такога ахвяраваць чымсьці?

— О, ублюдкі і сыны чарапахі, — раптам застагнаў вучоны. — Косці людскія на дарогах, а ім падавай Паднябесную.

— Слухай, высокавучоны, — з раптоўнай зацікаўленасцю спытаў купец. — Ты часам не з кола Мэн-цзы? Ты ж супраць Шана.

— Я ведаю Мэн-цзы, але я не з яго кола. І не з кола яго ворагаў.

— Хто ж ты, такі рэдкі?

— Я за народ. Усе, хто карае яго за розум і праўду, — шум на супе.

— Як імя тваё?

— Жун Лун… Але Цзы казаў: "Хто служыць цераз пасрэднiцтва дао, не скарае другiя народы сiлаю войскаў, бо гэта можа звярнуцца супраць яго, бо там, дзе пабывалi войскi, — там цернi i калючка"… бо "вышэйшага пакарання заслугоўваюць тыя, што любяць вайну, а затым тыя, хто арэ пусткi, бо яшчэ i старая зямля не дае таго, што можа, i запушчана нядбальствам, бо ворыва новай зямлi па загаду Шан Яна — ёсць толькi пагроза суровых пакаранняў, а па нашай думцы — абкраданне капiлкi сыноў i ўнукаў".

— Адкуль ты так ведаеш гэты трактат?

— Трэба ведаць ворага ўсёй сваёй памяццю, — адказаў той. — Ты памятаеш, калі трактат распаўсюдзілі, Шан забараніў абмяркоўваць яго і, на знак таго, што не жартуе, саслаў на вёску тых, што насмеліліся яго хваліць. Значыць, выключалася будзь якая крытыка цара.

— Ты з тых?

— Не. Я проста ўцёк тады. Таму і ўцёк, што мне хацелася не хваліць, а крычаць ад жаху і гневу. Ад таго, куды вядзе гэты нягоднік мой народ, вялікую зямлю маю. Ад таго, што ён забараніў на ёй думаць, што ён выбіў лепшых, мозг і сумленне краіны.