Читать «Вужыная каралева» онлайн - страница 5

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Апошнiм позiркам глядзiць яна на дзяцей, а тыя ўжо таксама знiклi. На месцы старэйшага сына стаiць каржакаваты, магутны дуб — не гнецца, не ламаецца, глядзiць у вочы навальнiцам; на месцы дачкi старэйшай — бяроза расце, усю яе сонцам прасвечвае, грае на ёй кожны лiсток радасцю да жыцця, а кожная галiна — цвёрдасцю. Воддаль ад iх стаiць асiнка, слабае дрэўца — нацiснуў — яно й захрупцела.

Пранеслася над iмi навальнiца, зноў упаў сонечны прамень на балоты, i заквiтнелi яны пад цёплым подыхам яго.

Чуеш, хлопча, як за вокнамi гудуць дрэвы?..

А на краi балота стаiць усiмi клятая асiна. Нiякае дрэва не плача так, калi апынецца ў печы. Шчэ далёка днi восенi i халады, а яна ўжо ўся чырванее, загадзя перад усiм схiляецца. А калi ўжо загадзя схiляецца — значыцца, поскудзь — дрэва.

Стаiць яна, здаецца, i ветру няма, а яна дрыжма дрыжыць усiм лiсцем, жалiцца. На локаць падымецца ад зямлi — дрыжыць, вырастае — дрыжыць i памрэ — дрыжэць будзе.

А ты падумаў, чаму гэта так? Iншыя людзi вось не разумеюць, а ты цяпер ведаеш. Гэткiя вось справы.