Читать «Воўк (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Мопассан Ги Де

I раптам на ахутанай ноччу сцежцы прамiльгнуў чыйсьцi вялiкi цень. Гэта быў звер. Паляўнiчы скалануўся ад жаху, кроплi халоднага поту скацiлiся ў яго па спiне, ён шырока, як апанаваны д'яблам манах, перажагнаўся, напалоханы нечаканым вяртаннем злавеснага прыхадня. Але тут яго позiрк упаў на нерухомае цела, i раптам, перайшоўшы ад страху да шаленства, Франсуа страсянуўся ад неўтаймоўнай лютасцi.

Ён прышпорыў каня i пагнаўся за ваўком.

Ён цкаваў яго ў гушчары, у ярах, у барах i гаях, якiх больш не пазнаваў, бо не зводзiў вачэй са светлага ценю, што ў густой начной цемры бег наперадзе.

Здавалася, яго конь таксама набыў незвычайную моц i запал. З выцягнутай храпай, з нябожчыкам упоперак сядла, ён нёсся наперад i чапляўся бакамi аб дрэвы, бiў нагамi па камянях. Калючкi выдзiралi ў яго шэрсць, храпа натыкалася на тоўстыя ствалы i пакiдала на iх кроў, шпоры выдзiралi шматкi скуры.

I раптам, калi над пагоркамi заззяла поўня, воўк i коннiк выскачылi з лесу i рынулiся ў лагчыну. Дно яе было завалена каменнем, а з бакоў уздымалiся высокiя скалы, выйсця адтуль не было; зацкаваны, воўк азiрнуўся.

Франсуа радасна крыкнуў, а рэха надхапiла i пракацiла па скалах яго зычны крык, ён саскочыў з каня з цесаком у руцэ.

Гатовы змагацца, воўк натапырыўся i выгнуў хiб, вочы ў яго ззялi, як зоркi. Але перад тым як пачаць, дужы паляўнiчы падхапiў брата, пасадзiў яго на валун, абклаў каменнем скрываўленую галаву i закрычаў яму ў самыя вушы, быццам глухому: "Глядзi, Жан, глядзi!"

I ён кiнуўся на пачвару. Ён мог бы перакулiць гару, голымi рукамi раструшчыць камень. Звер хацеў глэмнуць яго i выпусцiць вантробы, але Франсуа ўхапiў ваўка за хiб i, нават не скарыстаўшы зброi, пачаў павольна сцiскаць яму горла, адчуваючы, як цiшэе дыханне i спыняецца сэрца. Ён смяяўся ад дзiкай радасцi, усё мацней сцiскаючы ваўка ў смяротных абдымках, i ў захапленнi крычаў: "Глядзi, Жан, глядзi!" Воўк перастаў змагацца, яго цела абмякла. Ён сканаў.

Тады Франсуа ўзяў яго на рукi, падышоў i кiнуў брату пад ногi, пяшчотна паўтараючы: "Глядзi, глядзi, глядзi, Жан, вось ён!"

Пасля адно на адно ён паклаў целы на сядло i паехаў дамоў.

У слязах i радасцi - зусiм як Гарганцюа, калi нарадзiўся Пантагруэль, - ён вярнуўся ў замак. Ён заходзiўся пераможным крыкам i тупаў нагамi ад радасцi, што забiў звера; ён енчыў i рваў бараду ў адчаi ад братавай смерцi.

I часта пазней, калi яму даводзiлася расказваць пра гэты выпадак, ён гаварыў са слязамi на вачах: "Каб толькi бедны Жан змог паглядзець, як я задушыў ваўка, ён бы памёр спакойна, я веру!"

Удава майго продка выхавала ў сына-сiраты агiду да палявання, i гэтае пачуццё праз пакаленнi перадалося i мне.

Маркiз д'Арвiль змоўк. Нехта спытаўся:

- Тое, што вы расказалi, гэта легенда?

Ён адказаў:

- Клянуся, усё ад самага пачатку праўда.

А адна жанчына цiха сказала:

- Праўда цi не, але добра, што бываюць на свеце такiя апантаныя людзi.