Читать «Воўк (на белорусском языке)» онлайн

Мопассан Ги Де

Де Мопассан Ги

Воўк (на белорусском языке)

Гi дэ Мапасан

Воўк

Пераклад: Сяргей Мурашка

Гiсторыю гэту пачуў я ад старога маркiза д'Арвiля, калi на дзень св. Гюбэра - заступнiка ўсiх паляўнiчых - мы сабралiся на вячэру ў барона дэ Равэля.

Цэлы дзень мы палявалi аленя, i толькi маркiз застаўся ў замку, бо нiколi не паляваў.

Вячэра зацягнулася, i ўсе гаварылi пра спосабы знiшчэння жывёл. Нават жанчыны захапiлiся крывавымi i часта няскладнымi апавяданнямi мужчын, а тыя гучна гаманiлi, размахвалi рукамi, каб паказаць, як паляўнiчы ловiць i б'е звера.

Пан д'Арвiль быў добры апавядальнiк, хiба што гаварыў трошкi напышлiва, але ж i вельмi цiкава. Адчувалася, што ён няраз расказваў гэту гiсторыю, бо гаварыў хутка, трапна i дасцiпна.

- Панове, нi я, нi мой бацька, нi дзед, нi прадзед нiколi не палявалi, хоць прадзед i быў сынам чалавека, якi паляваў больш за вас усiх. Ён памёр у 1764 годзе, i я раскажу, як гэта здарылася.

Яго звалi Жан, у яго былi жонка i сын, якi мне стаў прапрадзедам, i разам з малодшым братам Франсуа д'Арвiлем яны жылi ў нашым лясным замку ў Латарынгii.

Праз паляванне Франсуа д'Арвiль так i не ажанiўся.

Круглы год браты няспынна, нястомна, без адпачынку палявалi. Яны любiлi i разумелi толькi паляванне, гаварылi i жылi толькi полем.

Дзiкая, неўтаймаваная прага забрала iх душы, спапяляла iх, не пакiнуўшы месца iншым пачуццям.

Яны забаранiлi трывожыць iх на паляваннi, што б там нi рабiлася на свеце. Прапрадзед мой нарадзiўся, калi яго бацька гнаўся за лiсам, але Жан д'Арвiль не спынiў каня, а толькi крыкнуў: "А каб цябе! Гэты нягоднiк мог бы дачакацца канца ловаў!"

Брат Франсуа быў яшчэ больш апантаны. Устаўшы з ложка, ён iшоў аглядаць сабак i коней, страляў птушак над замкам перад выправай на якога буйнога звера.

У наваколлi iх звалi пан Маркiз i Панiч, i гэта было натуральна, бо тагачаснае, спадчыннае дваранства адрознiвалася ад сённяшняй выпадковай знацi, якая ў тытулах iмкнецца замацаваць сыходную iерархiю. Тады разумелi, што ад нараджэння сын маркiзаў з'яўляецца такiм самым графам, а дзiця вiконта баронам, як генералава немаўля - палкоўнiкам. А ў наш час пустыя славалюбцы ганарацца гэткай прыдумкай.

Вернемся, аднак, да продкаў.

Казалi, што былi яны вельмi высокiя, кашчавыя, калматыя, утрапёныя i мужныя. А малодшы брат, на галаву вышэйшы за старэйшага, паводле легенды, якой ён хвалiўся, меў такi моцны голас, што ў лесе трымцеў кожны лiсток, калi ён крычаў.

Вось, мусiць, цiкава было паглядзець, калi абодва волаты ў шпорах, абжаргаўшы коней, ехалi паляваць.

I вось, у зiму 1764 года, затрашчалi сiберныя маразы, i ваўкi залютавалi.

Яны нават нападалi на запозненых сялян, бегалi па вулiцах, вылi ад золку да золку i спусташалi хлявы.

А неўзабаве пайшлi чуткi. Людзi расказвалi пра вялiзнага ваўка светла-шэрай, амаль белай масцi, якi з'еў двое дзяцей, адгрыз руку ў жанчыны, перарэзаў усiх вартавых сабак у наваколлi, без страху пераскокваў цераз платы i гойсаў па дварах. Усе бажылiся, што ад яго дыхання трапяталi агеньчыкi лiхтароў. I жах пасялiўся ў вёсках. Нiхто больш не адважваўся ў прыцемках ступiць за парог сваёй хаты, бо, здавалася, з цемры штомомант мог выслiзнуць грозны цень.